Ці заступіцца Расія за Фёдара Мірзаянава?
У амбасаду Расіі ў Беларусі паступіў зварот ад бацькі аднаго з фігурантаў справы "19 снежня".
Грамадзянін Расіі Рым Мірзаянаў просіць расійскіх дыпламатаў прысутнічаць на судзе над яго сынам, 20-гадовым Фёдарам Мірзаянавым, арыштаваным за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня. Фёдар абвінавачваецца па арт. 293 ч.2 КК (удзел у масавых беспарадках) і па сённяшні дзень знаходзіцца ў СІЗА №1 Мінска.
Звяртаючыся асабіста да амбасадара Расійскай Федэрацыі Сурыкава, ён просіць не заставацца абыякавым да лёсу яго сям'і: "Увага расійскага боку да гэтага працэсу магла б выратаваць невінаватага чалавека!"
У заяве Рым Мірзаянаў настойвае на невінаватасці свайго сына: "Ён выйшаў на плошчу, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, а ў выніку адбыў у турме 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На якой падставе яму выстаўляецца цяпер яшчэ і абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках, мне не вядома".
Рым сцвярджае, што яго сын гвалтоўных дзеянняў не здзяйсняў, матэрыяльнай шкоды нікому не нанёс, пры затрыманні супраціву не аказваў. Тым не менш, не разлічвае на бесстаронняе расследаванне справы і на справядлівы прысуд. Па словах Мірзаянава, следства па справе сына "вядзецца ў закрытым рэжыме з элементамі ціску і запалохвання".
Раней беларуская пракуратура адхіліла хадайніцтва аб змене меры стрымання Фёдару Мірзаянаву, як і хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы.