Сведка: Жанчыну запхалі ў машыну разам з каляскай

Вілейка ўчора была адзіным горадам у Беларусі, дзе некалькі чалавек усё ж выйшлі на плошчу і дзе адбыліся затрыманні (як вядома, "маўклівай" акцыі ўчора не было). Сёння адбудзецца суд над Уладзімірам Малярчуком, Маргарытай Селязнёвай і Змітром Капцюгам.

Вось што распавёў Еўрарадыё пра ўчорашнія падзеі адзін з затрыманых, кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Малярчук.
110804 Maliarchuk - site.mp3
Еўрарадыё: Арганізатары РПСС учора не праводзілі традыцыйных “маўклівых” акцыяў па серадах, а вас усё роўна затрымалі. Распавядзіце, што здарылася?

Малярчук: Тое, што атрымалася ў нас у Вілейцы — гэта крыху спантанная сустрэча. Мы таксама не аб’яўлялі, нідзе гэтага не было. У 19.30 я пайшоў у краму і вырашыў зайсці на плошчу, гэта якраз па дарозе, паглядзець, хтосьці мо там ёсць з нашых? Калі я выйшаў на плошчу, убачыў, што там тры чалавекі маіх знаёмых. Я падышоў і пачаў размаўляць.


Мы пагаварылі літаральна пяць хвілін, і адна з жанчын, якая прысутнічала, сказала, што з’язджае з Беларусі, бо тут такая абстаноўка нядобрая. Я пажадаў поспеху і прапанаваў паапладыраваць ёй. Мы паапладыравалі, развіталіся з дзяўчатамі, і я пайшоў у краму. І тут наляцелі з усіх бакоў... Захацелі праверыць нашы дакументы. Паказалі пашпарты, у каго былі, але гэта не стала падставай для таго, каб нас адпусцілі. Падагналі машыну і пачалі "грузіць". І сказалі, што трэба праехаць у аддзяленне.

Еўрарадыё: Гэтыя словы “ўдакладненне асобы” асабліва да вас, калі вас ведае ў Вілейцы пэўна кожны міліцыянт, неяк дзіўна гучаць...

Малярчук: Гэта была падстава, каб нас забраць у аддзяленне, бо калі нас прывезлі ў аддзяленне, капітан Дурэйка сказаў: “Не трэба нічога, я вас добра ведаю. Пасядзіце пакуль”. Гэта была проста падстава. Нас было трое і забралі яшчэ чацвёртую жанчыну з дзіцёнкам, якому толькі тры тыдні. Разам з каляскай запхалі ў машыну. Пасля ім нешта "стукнула", што неяк непрыстойна трохтыднёвага дзіцёнка затрымліваць. Выцягнулі каляску, і сказалі ёй, што яна (маці дзяцёнка — Еўрарадыё) вольная.

Еўрарадыё: Гэтая жанчына з дзіцёнкам таксама разам з вамі была на плошчы?

Малярчук: Так. Гэтая жанчына была два тыдні назад таксама затрымана з яе малой дачкой. Быў допыт, пратакол склалі допыту і яе адпусцілі. І вось цяпер яе зноў спрабавалі затрымаць.

Еўрарадыё: Чым скончыася вашае вечаровае затрыманне?

Малярчук: Склалі пратакол "аб удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

Еўрарадыё: Які працяг гэта мусіць мець?

Малярчук: Усіх трох сёння на 15 гадзін выклікалі ў суд. Чым скончыцца, пакуль невядома. Зміцер Капцюг літаральна тыдзень таму выйшаў з сямі сутак, яго таксама за "маўклівую" акцыю затрымалі.