Студэнты з Туркменістана будуць "балець за Мілана”
Квіткі на на гульню БАТЭ-Мілан свабодна прадаюцца ў касах Дынама, чарга – менш за 10 чалавек.
Касы Дынама, 10 гадзінаў ранку
У дзень гульні БАТЭ-“Мілан” а дзясятай гадзіне каля кас мінскага стадыёна “Дынама” выбудавалася чарга. Каля 10 чалавек чакаюць на квіткі, бо ў дзень гульні ў касах з’явілася каля тысячы дадатковых.
Першы да касы падыходзіць хлопец з Барысава, каб набыць сябру квіток, бо той цяпер заняты.
“Сабе даўно набыў квіток. Патэлефанаваў сябра, папрасіў купіць. Я а дзясятай прыехаў, цяпер чакаю. Лічу, што БАТЭ дома згуляе ў нічыю – 1:1”.
Неўзабаве да хлопца набліжаецца мужчына, з прапановай прадаць квіток танней, за 60 тысяч, хаця ў касе той каштуе на 10 тысяч больш.
“З’язджаю проста, не паспяваю на гульню”, - тлумачыць такую здзелку мужчына, што прадаў свой квіток.
Да вакенца касы набліжаецца малады мужчына. Набывае Квіток брату.
“У мяне брат у Кобрыне, там па 150 квіткі былі на 12, 13, 14 сектары. Тут гэтыя квіткі па 250. Гэта дорага для іх, я ўчора не паспеў набыць яму за 70. Ён, папрасіў сёння пад’ехаць, набыць”.
Мужчына працуе кіроўцам тралейбуса, сам пайсці на гульню не зможа.
Да кас падыходзяць 7 студэнтаў з Туркменістана. Вучацца ў БДТУ першы год, на факультэце хімічнай тэхналогіі і тэхнікі. Спрабую задаць ім пытанне.
Еўрарадыё: За каго будзеце балець сёння?
Судэнт: Зараз, зараз…
Відаць, маё пытанне не зразумелі і клічуць свайго сябра, які гаворыць па-руску. Перапытваю, за якую каманду будуць балець.
Студэнт: За Мілана
Еўрарадыё: А чаму не за БАТЭ?
Студэнт: Ай, БАТЭ не падабаецца, я Мілана люблю.
Галоўнае, ім не гаварыць пра гэта барысаўскім заўзятарам. У выніку, хлопцы набываюць квіткі па 70 тысяч, на 25 сектар.
За імі ў чаргу становіцца мужчына гадоў 40, зямляк футбалістаў БАТЭ, барысаўчанін. У сталіцу прыехаў у камандзіроўку, усцешаны, што мае шанец паглядзець гульню.
“Мы заўжды ходзім кампаніяй, цяпер кампанія з’ехала, застаўся адзін, таму набываю квіток толькі сёння. Лічу, што сёння трэба паказваць добрую гульню. Напрыклад, як з Ювентусам. Мяркую, сёння шмат мячоў не будзе: можа станоўчы рэзультат на карысць БАТЭ, ці нічыя”.
Мужчына, набывае квіток за 150 тысяч. На яго думку, гэта не шмат, бо па стандартах УЕФА, уваход на гульню мусіць каштаваць не менш за 10 еўра.
За ім стаіць студэнт, аб тым, што засталіся квіткі, даведаўся а трэцяй гадзіне ночы. Ля кас быў ужо а дзясятай ранку.
Адметна, што сярод 12 чалавек, з якімі размаўляў каля кас было 5 барысаўчан, якія прыехалі пабалець за родную каманду.

