Студэнтам адключылі "Хартыю", а чыноўнікам — “Аднакласнікаў”
Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія сайты недаступныя дзяржаўным людзям сёння.
Тыдзень таму чыноўнікам пачалі абмяжоўваць доступ да забароненых сайтаў паводле загаду N 60. У Інтэрнэт-цэнтры на Галоўпаштамце спрабую адкрыць сайты “Хартыя” і “Беларускі партызан”. Яны былі ў спісе Аператыўна-аналітычнага цэнтру, які прэзентавалі на канферэнцыі “Дзелавы інтэрнэт”. І сайты гэтыя... загружаюцца.

Адзін з супрацоўнікаў цэнтральнага апарата МУС, якому Еўрарадыё прапануе зайсці з працоўнага кампутара на сайт "Хартыі", таксама без праблем адкрывае яго.
Тады звяртаюся да "Белтэлекама", патрабую, каб мне адключылі доступ да “чорнага спісу” сайтаў: маўляў, хачу, як дзяржаўным органам. Мне адказваюць, што “чорнага спісу” не маюць, таму — адключаць не будуць.
Не бачылі гэтага спісу і супрацоўнікі кампаніі Solo, якая прадае паслугі па доступе да інтэрнэту.
Напрыканцы лістапада "Белтэлекам" даслаў лісты ў дзяржарганізацыі, дзе просіць увесці адмысловыя адрасы DNS-сервераў у наладках падключэння да Сеціва.
“Пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Мінсувязі вам неабходна выкарыстоўваць наступныя DNS адрасы: першаснага — 194.158.196.137, і другаснага — 194.158.196.141”, — гаворыцца ў лісце.
Уводжу гэтыя наладкі ў сваім кампутары. Вынік: перастаюць адкрывацца сайты “ВКонтакте”, “Фэйсбук”, “Твітэр” і “Аднакласнікі”. "Хартыя" і "Белпартызан" працуюць па-ранейшаму. Загружаецца і сайт prokopovi.ch . Для чыноўнікаў закрылі сацыяльныя сеткі, але пакінулі сайты з “чорнага спісу”, які ніхто на бачыў?
“Так, у нас памянялі, потым не адкрываліся "Аднакласнікі" і іншыя сацыяльныя сеткі. Для дзяржарганізацый зрабілі абмежаванне гэтых рэсурсаў”, — прызнаецца Еўрарадыё супрацоўнік асіповіцкага "Белтэлекаму".
А вось на гістарычным факультэце БДУ не адкрываюцца сайты "Хартыя", "Беларускі партызан", віртуальны абменнік prokopovi.ch і блог Ліпковіча. У інстытуце журналістыкі БДУ, як сведчаць студэнты, не працуюць ні "Хартыя", ні "Беларускі партызан".
“У інтэрнаце гэтыя сайты не працуюць ужо шмат часу. Спачатку і ЖЖ не працаваў, але цяпер наладзілі”, — гаворыць студэнт .
Фота: work-internet.clan.su