Справядлівая Расія: Сабчак вядомая як тэлевядучы персанаж, а не апазіцыянер

120611 Luka6uk Belov.mp3

Еўрарадыё: Апошнім часам часта чуваць выказванні, што Расія па ўзроўні аўтарытарызму даганяе Беларусь. Пра гэта кажуць палітолагі і прадстаўнікі пазасістэмнай апазіцыі. А як лічыце вы, прадстаўнік апазіцыі сістэмнай, прадстаўленай у Дзярждуме?


Вадзім Бялоў: Пакуль усё ж такі не даганяе. Той жа самы мітынг “Марш мільёнаў”, які праводзіць апазіцыя, — ён узгоднены і ён пройдзе ў Маскве 12 чэрвеня. Наколькі мне вядома, такое ў Беларусі немагчыма. Усё ж такі ў Расіі існуюць сістэмныя апазіцыйныя партыі, якія прадстаўленыя ў парламенце, — дастаткова легітымны палітычны працэс, калі апазіцыя можа крытыкаваць і ўрад, і прэзідэнта. Існуе і свабода слова, апазіцыйная прэса. Хацелася б, каб развіццё ішло ў бок дэмакратыі, а не ў бок аўтарытарызму. І мне падаецца, што зараз мы знаходзімся ў кропцы, калі гэта пытанне вырашаецца. Ёсць рэальная магчымасць наступу рэакцыйных сіл, але я спадзяюся, што гэтага не будзе. Бо грамадства ў Расіі не хоча мірыцца з такім наступам на дэмакратыю. За апошнія 20 гадоў у Расіі з’явілася дастаткова спелая грамадзянская супольнасць. А гэта — гарантыя таго, што, нягледзячы на ўсе спробы прыняцця недэмакратычных законаў, суды, грамадзянская супольнасць, апазіцыя здолеюць гэтаму супрацьстаяць.


Еўрарадыё: Ваша сістэмная апазіцыя, тая ж “Справядлівая Расія”, прадстаўленыя ў парламенце. У нашым парламенце нікога з апазіцыі няма. Але ж вынік аднолькавы: у нас дэпутаты прымаюць неабходныя ўладзе законы і ў вас “Адзіная Расія”, якая мае большасць, працісквае законы, неабходныя прэзідэнцкай адміністрацыі...


Вадзім Бялоў: Розніца ўсё ж такі вялікая. Калі апазіцыя прадстаўленая ў парламенце, хоць па факце і прымаюцца патрэбныя законы, але само супрацьстаянне, ціск апазіцыйных партый у парламенце, парламенцкія метады барацьбы адыгрываюць вялікую ролю па легітымізацыі самога пратэсту. Усё ж такі такія апазіцыйныя партыі, як КПРФ і "Адзіная Расія", з’яўляюцца прадстаўнікамі тых пратэстных сіл у парламенце, якія, у тым ліку, выходзяць на вуліцу. Праз гэтыя партыі можна ініцыяваць нейкія запыты дэпутатам. І часам гэта адыгрывае вялікую ролю ў палітычнай барацьбе.


Еўрарадыё: Якія ўзаемаадносіны ў расійскай сістэмнай апазіцыі з апазіцыяй пазасістэмнай? Тымі ж Навальным, Нямцовым, Яшыным, Сабчак у рэшце?


Вадзім Бялоў: Што тычыцца Ксеніі Сабчак, то яна, так бы мовіць, апазіцыянер-пачатковец — яна больш вядомая як тэлевядучы персанаж. Таму казаць пра яе нейкую сур’ёзную і фіксаваную палітычную пазіцыю, на мой погляд, не даводзіцца. Калі ж казаць пра тое, якія працэсы адбываюцца і якія ўзаемаадносіны паміж сістэмнай левай апазіцыяй, камуністамі і “Справядлівай Расіяй” і пазасістэмнай апазіцыяй, якая прадстаўленая “Левым фронтам” і Сяргеем Удальцовым, то шмат у чым нашы пазіцыі супадаюць. Партыя “Справядлівая Расія” ўдзельнічала ў пратэстных акцыях і падтрымлівала гэтыя пратэстныя акцыі. Сяргей Міронаў не аднойчы рабіў заявы наконт таго, што неабходна прыслухоўвацца да голаса апазіцыянераў і ўлічваць гэта ў палітычнай працы. У нас добрыя і канструкцыйныя ўзаемаадносіны. Частка людзей, якія прадстаўляюць левае крыло “Справядлівай Расіі”, такія як Ілля Панамароў, уваходзяць у кіруючыя органы “Левага фронту”. Таму — узаемаадносіны самыя цесныя.


Еўрарадыё: Вам не падаецца, што ўсе гэтыя блогеры і телевядучыя, такія як Навальны і Сабчак, выціскаюць сістэмную апазіцыю? Прынамсі, у свядомасці людзей. Гэта ж яны, а не вы арганізавалі “Марш мільёнаў”, Балотную...


Вадзім Бялоў: Ну, я б не стаў казаць пра выцісканне... пакуль. Хаця б таму, што пазасістэмная апазіцыя не валодае тымі рэсурсамі, якія мае сістэмная апазіцыя. Магчыма, у нечым гэтыя “лідары Балотнай плошчы” ярчэй, іх патрабаванні больш радыкальныя. Але пакуль, я нават магу сказаць — на жаль, іх роля ў палітычным жыцці не вельмі заўважная. У тым ліку і таму, што пазасістэмная апазіцыя робіць сур’ёзныя памылкі. Галоўная з якіх — адсутнасць палітычнай стратэгіі ў пазасістэмнай апазіцыі. І адсутнасць зразумелых сацыяльна-эканамічных лозунгаў і зразумелага сацыяльна-эканамічнага парадку дня. Пакуль гэтыя пратэсты вельмі падобныя на хэпенінгі — гэта карнавал, які мае мяцежны, але не рэвалюцыйны дух.


Еўрарадыё: Можа “лідары Балотнай плошчы” проста злавілі момант, разуменне таго, што людзям надакучылі адны і тыя ж асобы ў апазіцыі: Зюганаў, Жырыноўскі, Міронаў — якія яны бачаць шмат гадоў, і вырашылі іх падседзець-пасунуць? Гэта, дарэчы, і нашай апазіцыі тычыцца, лідары якой шмат гадоў не змяняюцца.


Вадзім Бялоў: Падседзець іх не ўдасца. А вось “пасунуць” — правільны дзеяслоў. Іншае — зараз ідуць пэўныя зрухі і ўнутры партый. Пытанне наконт унутрыпартыйнай дэмакратыі вы паставілі правільна. І, на мой погляд, яно з’яўляецца адным з галоўных для далейшага развіцця палітычнай сістэмы ў Расіі. І калі з’явяцца рэальныя механізмы ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, то ўзнікнуць не тыя партыі-клубы па інтарэсах рознага кшталту, у тым ліку эканамічнага, якія існуюць зараз, а ўзнікнуць партыі, які насамрэч змагаюцца за ўладу. А калі яшчэ і ўнутры партыі будзе адбывацца барацьба за ўладу, то палітычная сістэма Расіі зробіць вялізны крок на шляху развіцця дэмакратыі.


Еўрарадыё: Якую б параду вы далі сваім беларускім калегам — браць удзел у будучых парламенцкіх выбарах ці ігнараваць іх?


Вадзім Бялоў: Гэта пытанні, якія вырашаюцца самімі партыямі ў залежнасці ад палітычнай мэтазгоднасці. Якая форма барацьбы будзе за развіццё і ўмацаванне дэмакратычных інстытутаў — удзел гэта будзе ці няўдзел у выбарах — гэта залежыць ад тых высноў, якія зробяць для сябе тыя ці іншыя палітычныя сілы.

Фота: Змітра Лукашука