Следчы камітэт не расследуе, адкуль у аўтобусе Мінск — Вільня ўзялася міна
Расследаванне вядуць толькі літоўскія праваахоўныя органы, бо міну знайшлі на іх тэрыторыі.
Як паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі агенцтву БелаПАН, беларускі бок у расследаванні не ўдзельнічае.
Нагадаем, процітанкавую міну знайшлі 14 красавіка ў маршрутным аўтобусе Мінск — Вільня, які прыбыў у літоўскую сталіцу каля 10-й гадзіны раніцы. Сумка з мінай была пакладзеная ў багажнае аддзяленне аўтобуса ў Мінску, у Вільні яе павінны былі забраць. Калі на віленскі вакзал па сумку прыйшоў малады чалавек, кіроўца спярша вырашыў зірнуць, што знаходзіцца ўсярэдзіне. Убачыўшы гэта, малады чалавек уцёк, а кіроўца выклікаў паліцыю.
Віленская паліцыя шукае падазраванага — грамадзяніна Беларусі, якому з выгляду прыкладна 25 гадоў.
Фота — 15min.lt