Складальнікі спісу невыязных не ведаюць, што памілаваныя на свабодзе?

111114 Luka6uk Nevyezdnye.mp3

Нечакана скончылася паездка Змітра Дразда ў Літву: былы палітвязень, памілаваны кіраўніком краіны, ад памежнікаў даведаўся, што не мае права выязджаць за мяжу. Прычым памежнікі тлумачыць прычыны забароны адмовіліся.


Зміцер Дрозд: “Даехалі мы да Гудагая, прыйшоў пашпартны кантроль, увялі мой пашпарт у камп’ютар і паставілі мне пячатку ў пашпарт “У выездзе адмоўлена. 10.11.2011”. Ніякіх каментароў, нічога. Сказалі: “Едзьце ў Мінск і разбірайцеся”. Маўляў, у іх у камп’ютары ёсць на гэты конт нейкая інфармацыя, але яны са мной ёй не падзяліліся”.


Такую ж пячатку ў пашпарт атрымаў і другі памілаваны ўдзельнік Плошчы — Сяргей Казакоў. І адразу звярнуўся па тлумачэнні ў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства.


Сяргей Казакоў: “У чацвер (10 лістапада — Еўрарадыё) схадзіў у Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, удакладніў, узяў даведку — невыязны. Паводле афіцыйнай прычыны, што там напісана, я з’яўляюся падазраваным альбо абвінавачаным па крымінальнай справе. Прычым нават не напісана, па якой”.


Сяргей кажа, што апошнім часам на яго ні крымінальнай, ні адміністрацыйнай справы не заводзілі, запазычанасцяў па нейкіх грашовых выплатах не мае.


Cяргей Казакоў: “Я так разумею, што гэта па-ранейшаму тыя “масавыя беспарадкі” — з калоніі не адправілі даведку, што мы вызваленыя. Іншых варыянтаў няма. Бо дата стаіць — 7 лютага (калі Казакова ўнеслі ў спіс невыязных — Еўрарадыё), а мне дзесьці ў гэты час абвінавачванне і прад’явілі”.


Разабрацца ў сітуацыі вырашыла і Еўрарадыё. Юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла ўпэўнівае, што прэзідэнцкае памілаванне толькі назвай адрозніваецца ад датэрмінова-умоўнага вызвалення.


Гары Паганяйла: “Гэта толькі так называецца — "памілаванне". Але ў прынцыпе прававы статус гэтых рашэнняў (Указ кіраўніка краіны аб памілаванні — Еўрарадыё) — гэта датэрміновае вызваленне ад адбыцця пакарання. І гэтым асобам, з улікам таго, што за імі ажыццяўляецца кантроль органамі, адказнымі за выкананне прысуду,  могуць не дазволіць выязджаць за мяжу. Пакуль ён цалкам не адбыў пакаранне, ён у гэтых спісах будзе знаходзіцца”.


Аднак па словах начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксея Бягуна, з памілаваных здымаюцца абмежаванні.


Аляксей Бягун: “Калі чалавек памілаваны, то, фактычна, з яго абмежаванне павінна здымацца. Калі ў яго не ўзнікае іншых абставін, не звязаных з гэтай крымінальнай справай, па якой ён памілаваны”.


Прычым абмежаванне на выезд павінна здымацца з памілаванага нават калі судзімасць з яго не знятая. Вось толькі вынікі праверкі прычын ўнясення ў спіс невыязных Змітра Дразда здзіўляюць нават... кіраўніка Дэпартамента.


Аляксей Бягун: “Забарона ў яго стаіць пакуль... У базе дадзеных, прынамсі. У сувязі з распачаткам крымінальнай справы. Я так думаю, што дзесьці... Цяжка каментаваць. Я пазней з гэтым разбяруся”.


Але ніякіх тлумачэнняў Еўрарадыё ад яго так і не дачакалася.


Дарэчы, як адзначае Сяргей Казакоў, прэзідэнцкае памілаванне з яго судзімасць не зняло. І гэта абмяжоўвае яго ў пэўных правах. Да прыкладу, удакладняе сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік, у праве абірацца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.