Швецыя прыняла новую стратэгію дапамогі Беларусі
Стратэгія сфакусаваная на асобных ініцыятывах па падтрымцы развіцця дэмакратыі і шанавання правоў чалавека ў Беларусі.
Урад Швецыі 18 сакавіка ўхваліў новую стратэгію аказання дапамогі Беларусі на 2011-2014 гады.
"Швецыя актыўна падтрымала пазіцыю ЕС пра непрымальнасць дзеянняў беларускага кіраўніцтва. У той жа час надзвычай важна не дапусціць ізаляцыі беларускага народа. І зараз як ніколі важна як стварыць новыя кропкі сутыкнення, гэтак і развіваць ужо наладжаныя кантакты з грамадзянскай супольнасцю дзеля пазітыўных зменаў", — заявіла міністр па міжнародным супрацоўніцтве Гуніла Карлсан.
Прэс-служба ўраду паведамляе, што новая стратэгія дапамогі Беларусі будзе засяроджаная на трох галінах — дэмакратыя, правы чалавека і гендэрная роўнасць, развіццё свабоднага рынку. На рэалізацыю праектаў у межах новай стратэгіі плануецца выдзяляць каля 120 млн шведскіх крон на год, перадае БелаПАН.