Шуба з норкі для сабакі – 2,5 мільёны, мабільнік – 161 мільён

111111 Martin Glamur.mp3

“Мы сабачку мыем бальзамам, сушым, падразаем ёй кіпцюры, робім стрыжку, апрацоўваем вушкі, вочкі, зубкі – поўны комплекс будзе каштаваць 325 тысяч”, – агучвае кошты дырэктар буціка для сабак “Мілорд” Вольга Паўлоўская.

Апроч таго, сабаку можна пакупаць у ваннай з травамі ці зрабіць ёй меліраванне. Апрануць свайго пухнатага сябра будзе нятанна – камбінезоны каштуюць ад 100 тысяч. Пафарбаваць сабачку – каля 200 тысяч. А дублёнка для сабачкі з натуральнага футра зацягне на 2,5 мільёны.

Пытаюся, ці ёсць жадаючыя вадзіць у такі салон сваіх гадаванцаў.

“Лічу, што ў нас добрая кліенцкая база. У сувязі з эканамічнай сітуацыяй крыху зменшыўся прырост новых кліентаў. А старыя кліенты ўсе засталіся”.

Кожны дзень у буцік заходзіць ад 2 да 12 чалавек.

“Нават калі з грашыма праблемы, на сабаку не шкада. Ні на вопратку, ні на стрыжку, бо ён як дзіця”, – кажа пастаянная кліентка салону Вікторыя. Свайго пудзеля яна прыводзіць у буцік тры разы на тыдзень.

Часам, кліенты прыходзяць з зусім нестандартнымі просьбамі.

“Прыйшлі, папрасілі выстрыгчы на сабачку эмблему “Барселоны”. Даводзілася шукаць макет у інтэрнэце”, – прыгадвае майстар салону Ірына Лепіхіна.

Вадзіць свайго сабачку ў такі салон, нятаннае задавальненне. Вырашаем праверыць, куды яшчэ можна спусціць кучу грошай у Мінску. Спачатку набудзем брэндавы тэлефон.

Заходжу у салон мабільнікаў Vertu, што на плошчы Свабоды. Кліентаў няма. Самы дарагі тэлефон Vertu Signature S Design каштуе 161 мільён. Пакупнікі ёсць, заўважае прадаўшчыца ў салоне.

Калі ўжо вадзіць сабаку ў салон прыгажосці, эканоміць на ежы – глупства. Заходзім у Цэнтральны ўніверсам. Самы дарагі сыр – Castello – 462 тысячы за кілаграм. Палову галавы за дзень прадаюць, а часам і больш.

Да такога сыру добра падыдзе якасная выпіўка. Кіруемся ў краму Кювэ. Бутэлька віскі CHIVAS REGAL каштуе амаль шэсць мільёнаў.

У гандлёвым Доме на Нямізе ляжыць палтус за 283 тысячы кілаграм. Прадаўшчыца кажа, што палтус свежы, бяруць яго ахвотна.

Далей кіруюся ў гандлёвы цэнтр “Карона”. Самае дарагое мяса тут – “Рождественскій балык” за 130 тысяч кілаграм. Экзатычныя фрукты і таго даражэй – 290 тысяч за кілаграм Рамбутану.

За баначку чырвонай ікры давядзецца аддаць 50-70 тысяч. На жаль, чорная не прадаецца. І таго, прадуктовыя пакупкі абыдуцца ў 7 мільёнаў.

Да прадуктаў і брэндавага мабільніка патрэбны якасны транспарт. Звяртаемся ў мінскі цэнтр Porshe.

“Самая дарагая ў базавай камплектацыі – гэта можа быць 215 тысяч у еўра, калі 911-ая мадэль”.


Наш паход па крамах пацягнуў бы на 228 тысяч еўра, калі набыць усе пералічаныя рэчы. І гэта за выключэннем вопраткі. Аказваецца, жыццё ў Мінску не такое і горкае, як падалося б на першы погляд!

Фота: pro-vkontakti.ru