Што рабіць з падоранай хакейнай формай, Лукашэнка не вырашыў
У адпаведнасці з заканадаўствам, кіраўнік краіны не мае права пакінуць яе сабе.
Камплект хакейнай формы Nike-Bauer Hockey атрымаў у падарунак ад Грэма Рустэна падчас Каляднага хакейнага турніра Аляксандр Лукашэнка. Наўрад ці кіраўнік кампаніі, якая вырабляе хакейную экіпіроўку, выбіраючы прэзент, звяртаў увагу на яго кошт і чытаў Закон “Аб дзяржаўнай службе”. А там канкрэтна прапісана, што “атрыманыя дзяржаўнымі служачымі падчас правядзення пратакольных ды іншых афіцыйных мерапрыемствах сувеніры, кошт якіх перавышае 5 базавых велічынь, перадаюцца на карысць дзяржавы”.
А як паведамілі Еўрарадыё ў спартовай краме “Спорт люкс”, кошт самага простага камплекта хакейнай формы гульца значна перавышае 175 тысяч рублёў.
“Арыентуйцеся на 3-3,5 мільёна, — раіць супрацоўнік хакейнай крамы карэспандэнту Еўрарадыё ў адказ на пытанне пра кошт камплекта хакейнай формы. — І калі я вам кажу пра 3-3,5 мільёна — гэта самае ўсё простае будзе. Bauer, вядома, будзе даражэй”.
На колькі даражэй, не ўдакладняе, бо “ўсё залежыць ад выбару кожнай канкрэтнай дэталі экіпіроўкі”.
Тое, што Аляксандр Лукашэнка таксама з’яўляецца дзяржаўным служачым і падпарадкоўваецца закону “Аб дзяржслужбе”, Еўрарадыё ўпэўнівае прэс-сакратар кіраўніка краіны Павел Лёгкі. Толькі які лёс чакае персанальны падарунак, сказаць пакуль не можа.
Павел Лёгкі: “На жаль, не ведаю. Прэзідэнт, канешне, прыме нейкае рашэнне. Я яшчэ не чуў ні пра адзін дарагі сувенір, які прэзідэнт пакінуў сабе — усё перадае на карысць дзяржавы”.
Пачуўшы такую заяву, Еўрарадыё пацікавілася лёсам сапраўды дарагога падарунку, які прэзідэнт атрымаў у 2008 годзе, — аўтамабіля "Волга Сайбер" коштам ажно 18 тысяч долараў.
Павел Лёгкі: “Яна адразу сышла ў так званы Мінскі гараж — спецпрадпрыемства, якое абслугоўвае дзяржаўныя органы па ўсёй краіне. Гэта было зроблена фактычна праз дзень (пасля атрымання машыны ў якасці падарунку — Еўрарадыё)”.
Прэс-сакратар прэзідэнта дадае, што асобныя падарункі кіраўнік краіны проста перадорвае. Да прыкладу, цукеркі ды тарты адпраўляюць ў дзіцячыя дамы ці дамы састарэлых.
Павел Лёгкі: “Бывае абмен падарункамі, да прыкладу, падчас дзяржаўных візітаў... Усё гэта дастаткова падрабязна рэгламентавана — на гэты конт прэзідэнт вельмі акуратны”.
І прапанаваў Еўрарадыё параіць, куды ці каму лепш перадарыць хакейную форму...
Фота: potashnikov.com