Што прыгатуюць на Новы год знакамітыя беларусы?
Еўрарадыё высветліла, што п’юць на святы сем’і Вольскага і Смаляка, даведалася рэцэпт стэйка ад Курэйчыка, а Арамнаў расказаў, ад чаго сёлета вырашыў адмовіцца.
111227 Malina Stol.mp3
Еўрарадыё даведалася, якія традыцыі ў серваванні навагодняга стала існуюць у беларускіх знакамітых людзей. Як высветлілася, класічныя савецкія стравы зараз не ў фаворы, таму кожны гатуе нешта сваё.
"Гатуем мы, натуральна, усёй сям'ёй, – распавядае пра свой святочны стол сцэнарыст, аўтар навагодняга фільма “Ёлкі” Андрэй Курэйчык. – Будзе, напэўна, мая фірмовая страва. Я гатую стэйкі з ялавічыны ў амерыканскім стылі. Будзе шмат рознай рыбы. Я люблю на Новы год рыбу. Салёную, вяленую, вэнджаную, ікру, палтус, сёмгу. Нядаўна прывёз з Парыжу чатыры бутэлькі прыўкраснага французскага шампанскага і плюс – у мяне запасены цудоўны каньяк 1991-га года, які мы таксама адкаркуем ды вып'ем".
Самае галоўнае для фірмовай стравы Андрэя Курэйчыка – набыць вельмі добрую ялавічыну. Потым нарэзаць яе тоўстымі лустамі, сантыметры па чатыры і хутка абсмажыць на вельмі гарачай патэльні. Трэба, каб мяса атрымаліся з ружовым сокам унутры і са скарыначкай звонку.
Сям'я Вольскіх дзякуючы пытанню Еўрарадыё зразумела, што ў іх ёсць сапраўды традыцыйныя навагоднія стравы.
"Абсалютна дакладна гэта звараная крамбамбуля, не з крамы. Гэта індычка. Ёсць такі літоўскі рэцэпт, яна фаршыраваная пячонкай. Гэта французскі сідр – проста вельмі-вельмі смачны. І чамусьці мы любім, каб на Новы год былі і з раніцы таксама сушы, якія я раблю сама. Вось такія ў нас традыцыі", – падсумоўвае жонка Лявона Ганна Вольская і дадае, што мясных страваў на навагоднім стале ў іх не бывае, бо лідар "Крамбамбулі" свініну і ялавічыну не есць.
Праўда, каб неяк далучыцца да класічнага святкавання, сёлета Вольскія вырашылі пабалаваць сябе сапраўдным "Аліўе" – з рабчыкамі ды крыветкамі. Дарэчы, сам Новы год гурт "Крамбамбуля" адсвяткуе ў Маскве, бо там ладзіцца вечарына "Новы год па-беларуску". Там жа выступяць гурты Pomidor/Off ды "Ляпис Трубецкой". Менавіта па гэтай прычыне ў сям'і Сяргея Міхалка святочнага стала ўвогуле не будзе.
"Не ведаю, я не буду нічога гатаваць, – смяецца актрыса і жонка Міхалка Святлана Зелянкоўская. – Я буду есці тое, што мне прапануюць".
А вось сям'я мастака Андрэя Смаляка будзе святкаваць на лецішчы. У іх вырасла вялізная елка, якую яны ўпрыгожаць, побач паставяць стол і пераапрануцца ў касцюмы. Выбар у іх вялікі: шмат касцюмаў засталося з праекту "Ожившие картины", а таксама розныя маскі і некалькі камплектаў касцюмаў Дзеда Марозу ды Снягуркі.
"У нас добра гатуе наш сын. Ён нам зробіць шашлыкі. Ён набыў нейкую спецыяльную вяндлярню, там зробім рыбку, – хваліцца жонка мастака Вольга Смаляк, а ў карэспандэнта Еўрарадыё пераймае страўнік. – Зразумела, я зраблю "Аліўе". Сын вельмі смачна робіць лаваш разам з кропам ды сулугуні. І я вельмі люблю такую курачку. Бярэш філе, наразаеш яго кавалачкамі і абсмажваеш. Потым дадаеш крыху мёду, а зверху выціскаеш апельсін".
Піць сям'я Смаляк плануе чырвонае віно, сам мастак налье сабе звычайную гарэлку.
А вось штангіст-рэкардсмен Андрэй Арамнаў адразу ж адзначыў, што наступны год будзе алімпійскім, таму з першых жа дзён ён плануе актыўна трэніравацца. Адзначаць будзе разам з жонкай і нядаўна народжанай дачкой.
"Я ж нарадзіўся ў Беларусі, але мая сям'я з Уральскай вобласці. Думаю, будзем гатаваць нацыянальныя стравы. Будуць уральскія пельмені. Ну, і тыя мясціны багатыя на выпечку, – агучвае навагодняе меню спартовец. – Піць я увогуле не буду. Думаю, нават шампанскага ў нас на стале не будзе. Спорт – цяжкая рэч! Калі б вы мне патэлефанавалі ў мінулым годзе, я б вам распавёў!"
Журналісты Еўрарадыё моцна задумаліся пасля такіх рознабаковых меню і рэзка змянілі свае планы на навагодні стол. Засталося адмовіцца ад прагляду фільма "Ирония судьбы, или С лёгким па́ром!" ды стрымацца і не набыць мандарынаў.