Шэсце супраць гамафобіі пераносіцца на 30 кастрычніка
Але ўсе астатнія мерапрыемствы ў межах мінскага гей-прайда пройдуць як запланавана.
Раней меркавалася, што гей-парад пройдзе ў сталіцы 11 кастрычніка, але вырашана перанесці яго на больш позні тэрмін, паведаміў БелаПАН адзін з арганізатараў акцыі Сяргей Андросенка. 25 верасня актывісты ЛГБТ-руху падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на такое шэсце з колькасцю ўдзельнікаў да 50 чалавек.
2 кастрычніка арганізатары атрымалі ліст ад гарадскіх уладаў, у якім прыводзіліся недакладнасці ў раней пададзенай заяўцы. Мінгарвыканкам прапанаваў выправіць недакладнасці і падаць новую заяву, што і было зроблена 3 кастрычніка.
У новай заяўцы пазначаная новая дата шэсця — 30 кастрычніка. Але пры гэтым актывісты гей-руху абяцаюць 11 кастрычніка іншую акцыю і ў “легальным фармаце”. Такім чынам яны адзначаць міжнародны Сoming out day.