Шахматнаму чэмпіёну з Расіі — 12000 еўра, з Беларусі — статуэтка і медаль
А ў Федэрацыі шахмат скардзяцца на маленькае фінансаванне і радуюцца таму, што ўвогуле хапіла грошай адправіць шахматыстаў на чэмпіянат свету ў Бразілію.
З чэмпіянату свету па шахматах сярод юнакоў беларусы прывезлі першае месца. Яго заняла мінчанка Наста Зязюлькіна ў катэгорыі да 16 гадоў.
Сярод самых моцных супернікаў Наста называе калумбійцаў.
“Гэта Калумбія. Дагэтуль я не думала, што там развітыя шахматы. А цяпер — тры калумбійкі ў першых шэрагах табліцы. З імі было няпроста гуляць”.
Гуляць даводзілася часам па 15 гадзінаў за дзень. Адзін матч — 5 гадзінаў, плюс трэніроўка. Таму часу паглядзець на Бразілію было мала. Пашпацыраваць давялося толькі ў апошні дзень, прыгадвае Наста.
“У апошні дзень крыху пагулялі, паглядзелі расліны. Бачылі папугайчыкаў. Чэмпіянаты звычайна праводзяць не ў вельмі маляўнічых месцах, не будуць жа яго праводзіць на курорце”.

Шахматамі Наста Зязюлькіна пачала займацца з пяці гадоў. Паспрабавала, потым спадабалася: конкурсы, падарожжы, спаборніцтвы. На чэмпіянат яна ездзіла разам з бацькам. Ён сам гуляе ў шахматы і трэніруе дачку. Займаецца шахматамі і маці Насты Зязюлькінай, а брат маці мае званне грасмайстра.
“Шмат добрых шахматыстаў было [на чэмпіянаце. — Заўв. Еўрарадыё]. Ёсць сусветныя лідары: Расія, Кітай і Індыя”, — гаворыць тата чэмпіёнкі свету.
У згаданых краінах шахматы сапраўды на высокім узроўні. Нават мяркуючы па ўзнагародах. Прыз за званне чэмпіёнкі для беларускай спартоўкі — медаль і каменная статуэтка. Пераможцы з Расіі атрымалі па 12 тысяч еўра, а спартоўцы з Казахстану — кватэры.
Адкуль такая несправядлівасць, тлумачаць у Федэрацыі шахмат.
“У іх [у Расіі. — Заўв. Еўрарадыё] кожны, хто выйграе медаль, атрымоўвае грашовае ўзнагароджанне. А ў нас Федэрацыя — грамадская арганізацыя, фінансаванне маленькае. Добра, калі адправіць шахматыстаў атрымоўваецца”.
Расія і Казахстан самі выдаткоўваюць прызы сваім пераможцам. А ў Беларусі такіх магчымасцяў няма. Больш за тое, шахматыстцы з Пінску Кацярыне Бейненсон аплаціць паездку ў Бразілію Федэрацыя не змагла. Спонсар знайшоўся праз матэрыял Еўрарадыё.
На чэмпіянаце дзяўчына заняла 31-ае месца. Яна гуляла ва ўзросце да 14-ці гадоў. Самай моцнай суперніцай Каця называе шахматыстку з Расіі.
“Першыя два месцы занялі расіяне. У іх моцныя трэнеры, і наогул яны ўваходзяць у дзясятку лепшых у свеце”.
Трэнер Кацярыны Валерый Мандроўскі наракае на тое, што расіяне прыехалі гуляць са сваімі псіхолагамі і грасмайстрамі ў якасці трэнераў. Да таго ж, у іх была вялікая матывацыя да перамогі.
“Там высокая матывацыя. За першае месца 12 тысяч еўра плюс кожны месяц стыпендыя ў тысячу еўра. Яны выйгралі амаль ва ўсіх узроставых катэгорыях прызавыя месцы”.
Нагадаем, чэмпіянат свету па шахматах сярод юнакоў ад 8 да 18 гадоў завяршыўся ў Калдас-Новасе 27 лістапада. Ад Беларусі ў ім удзельнічалі 6 шахматыстаў.
Фота: chess.by