Саўгас "Гарадзец" не дасць новага прэзідэнта, а "Мінскводаканал" — прэм’ера

120413 Luka6uk Ambicyi.mp3

Ці ўплывае месца працы на амбіцыі чалавека? Як высвятляецца, не заўсёды. Да прыкладу, цяперашні дырэктар СВК “Гарадзец” Алег Леснік не імкнецца прайсці шляхам свайго папярэдніка — старшыні калгаса “Гарадзец” Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктар не тое што ў прэзідэнты — у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не асабліва хоча. Нягледзячы на тое, што ўжо два разы запар абіраўся дэпутатам мясцовага савета.

Алег Леснік: “Мясцовым дэпутатам з’яўляюся ўжо другое скліканне, але... Працаваць на месцы, на вытворчасці, дабіцца максімальных вынікаў — стаяць амбіцыі такія. Палітычных амбіцый няма, мяне задавальняе ўся гэта палітыка, а я хачу працаваць на лепшы эканамічны вынік і дабівацца нечага на тым месцы, якое мне даверылі”.

Што тычыцца “эканамічных вынікаў”, то пакуль поспехі, прызнаецца дырэктар, 50 на 50. З аднаго боку, гаспадарка летась заняла “першае месца ў пятай катэгорыі гаспадарак па рэспубліцы”. З другога, скардзіцца Леснік, няма ў мясцовых жыхароў “гаспадарлівай жылкі”. І выпіваюць, здаецца, не шмат, і ад абавязкаў не адвільваюць, але і працуюць без імпэту.

А вось што тычыцца адсутнасці палітычных амбіцый, то, падумаўшы, пераемнік “прэзідэнцкай спадчыны” прызнаецца: няма іх небеспадстаўна.

Алег Леснік: “Ёсць адна праблема, разумееце. Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, але па нацыянальнасці я не беларус. Таму ў мяне ёсць у гэтым сэнсе праблема”.

Па нацыянальнасці дырэктар “Гарадца” — малдаванін. Але, насамрэч, праблема не ў нацыянальнасці, а ў тым, што прэзідэнтам можа стаць толькі чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі. А вось з гэтым у Лесніка сапраўды праблема.

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч пачынаў сваю кар’еру ў "Мінскводаканале" інжынерам. Зараз на гэтай пасадзе працуе Андрэй Бычкоў. Пачаў працаваць майстрам і за 14 гадоў дарос да галоўнага інжынера. Але чамусьці пра далейшы кар’ерны рост не марыць: не тое што пра крэсла кіраўніка ўрада — але нават якога міністэрскага. Скончыліся амбіцыі!

Андрэй Бычкоў: “У мяне пакуль толькі — прыносіць карысць свайму прадпрыемству і ўсё! Ніякіх амбіцый няма. Казаць пра нейкія кар’ерныя планы, як вы прыводзіце прыклад з Мясніковічам — не, такога няма”.

Міністр культуры Павел Латушка пачынаў сваю кар’еру з пасады кіраўніка прэс-службы Міністэрства замежных спраў. Сёння пазіцыю МЗС журналістам агучвае Андрэй Савіных. Пытанне пра амбіцыі і паралель з Латушкам Савіных сустрэў жартам: “Вы прапануеце мне заняць яго месца?”. А потым выклаў сваё бачанне службовых амбіцый.

Андрэй Савіных: “Любы нармальны чалавек факусуецца не на пасадах, а на задачах, якія ён можа і ўмее вырашаць. Любы чалавек, які думае выключна пра пасады, ён паводле агульнавядомага закона імкнецца да ўзроўня сваёй некампетэнтнасці. Кар’ерны рост суправаджае рост прафесіяналізму і прафесійнага досведу канкрэтнага чалавека. Калі я буду адпавядаць гэтым стандартам — то і кар’ерны рост не прымусіць сябе чакаць”.

Оперупаўнаважаным па справах непаўналетніх Ленінскага РУУС Мінска пачынаў свой узлёт міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Сённяшнія інспектары таксама не супраць генеральскіх лампасаў.
 
Інспектар: “Кожны імкнецца стаць... Да нечага імкнецца, правільна? І дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам. Жаданне павінна быць. Ну, і, канешне, праца не лічыцца з асабістым часам. А там ужо — як атрымаецца, як Бог дасць!”

Праўда, адказваць на пытанне, ці трэба імкнуцца да высокіх пасад у міністэрстве, дзе за апошні час два намеснікі міністра трапілі за краты, “інспектар-кар’ерыст” не захацеў.

Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў пачынаў майстрам механазборачнага цэха на заводзе Вавілава. Чалавек, які сёння займае такую ж пасаду, чамусьці ўпарта спрабаваў перанакіраваць карэспандэнта Еўрарадыё да намесніка генеральнага дырэктара — каб той даў яму дазвол расказаць пра свае амбіцыі. І толькі пасля доўгіх упэўніванняў, што гэта не ўяўляе сабой камерцыйную таямніцу іх прадпрыемства, адказаў.

Майстар цэха: “Так, і ў мяне ёсць такое вось, ну, і што? У кожнага чалавека ёсць нейкае бачанне на жыццё, на прасоўванне па кар’ернай лесвіцы. У кожнага нармальнага чалавека ёсць гэта”.

Магчыма, мы не там шукалі будучага прэзідэнта і прэм’ера? А яны насамрэч працуюць на пасадзе вышэйшай, чым старшыня сельскагаспадарчага кааператыва і інжынер водаканала.