Саннікаў: “Я напісаў хадайніцтва, а не прашэнне аб памілаванні”
Экс-кандыдат у прэзідэнты раскаяўся, але віны не прызнаў.
На першай сумеснай прэс-канферэнцыі пасля вызвалення Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка адразу прапанавалі журналістам самім задаваць пытанні. Аднак шмат з іх засталіся без адказаў.
“Я напісаў хадайніцтва, а не прашэнне, аб памілаванні. Гэта так называецца. Я насамрэч напісаў, што прашу мяне памілаваць і раскайваюся ў здзейсненым. Гэта факт. Больш каментаваць гэта я ніяк не буду”, -- амаль адразу заявіў Андрэй Саннікаў.

Журналісты яшчэ некалькі разоў спрабуюць запытацца аб акалічнасцях напісання прашэння.
“Адзінае, што я магу сказаць – я не прызнаваў віны. Хоць у калоніі і быў ціск з мэтай дамагчыся прызнання мной яе. Які ціск – расказаць не магу”.
Андрэй Саннікаў толькі агучвае кароткі тэкст хадайніцтва. Намякае, што вырашыў звярнуцца да Лукашэнкі пасля нейкага здарэння ў калоніі. Аднак, што гэта было, каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” так і не расказвае.
“Прашу праявіць гуманнасць і памілаваць мяне. У здзейсненым раскайваюся”. Гэта ўсё. Віны сваёй не прызнаю. Чаму вырашыў напісаць прашэнне – расказваць не буду. Я ўжо ўсё сказаў”.
Адзінае, пра што Андрэй Саннікаў гаворыць ахвотна і доўга –стаўленне да яго з боку адміністрацый калоній. Іншым зняволеным літаральна забаранялася нават руку яму падаваць.
“Людзям адкрытым тэкстам пагражалі – ні замены, ні ўмоўна датэрміновага вызвалення, ні парушэнняў здымаць не будуць, нічога. Я выйшаў з адзіночнай камеры, дзе ўтрымліваўся дагэтуль, і, нягледзячы на тое, што мяне акружалі сотні людзей, я быў ізаляваны”.
Некаторыя зэкі праз размовы з Саннікавым пазбавіліся датэрміновага вызвалення.

Пра спробы ізаляваць расказвае і Зміцер Бандарэнка. З ціскам адміністрацыі СІЗА і калоніі ён змагаўся радыкальна – шантажаваў пагрозай самагубства.
“Я проста адразу сказаў, што ёсць межы, якія я пераходзіць не буду. Я скончу жыццё самагубствам. Мне сказалі, што выратуюць мяне. Я адказаў, што не выратуюць. Я каталік, і калі раблю такія заявы, то гэта сур’ёзна”.
Па словах Бандарэнкі, яго неаднойчы спрабавалі завербаваць супрацоўнікі спецслужбаў. Узамен за кантроль над сайтам “Хартыі” абяцалі нават вызваленне. Ён кажа, што вярбуюць супрацоўнікі КДБ няўмела. Нават не ўлічваючы яго палітычных поглядаў.

“Вось прыходзіць опер і кажа: “Вось Калчак сказаў, і цытата з яго, вось Сувораў сказаў, вось Пуцін сказаў, мітрапаліт, патрыярх…”. Я яму кажу: ты ж хочаш мяне завербаваць, а я беларускі нацыяналіст. І ты мне называеш рускіх герояў. Ты ж проста прафесійна непрыдатны, табе не падаецца?”.
Нежаданне адказваць на пытанні, звязаныя з падачай хадайніцтваў аб памілаванні, абодва былыя палітвязні звязваюць з тым, што лічаць сябе закладнікамі Лукашэнкі. Літаральна за паўгадзіны да прэс-канферэнцыі Андрэй Саннікаў даведаўся, што судзімасць з яго знімуць праз восем гадоў. Таму магчыма, што чакаць адказаў на ўсе пытанні давядзецца яшчэ доўга.
Дарэчы, кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей праз некалькі гадзін пасля прэс-канферэнцыі Саннікава і Бандарэнкі заявіў, што ўсе палітвязні, якія падавалі хадайніцтва аб памілаванні, сваю віну прызналі.
“Людзям адкрытым тэкстам пагражалі – ні замены, ні ўмоўна датэрміновага вызвалення, ні парушэнняў здымаць не будуць, нічога. Я выйшаў з адзіночнай камеры, дзе ўтрымліваўся дагэтуль, і, нягледзячы на тое, што мяне акружалі сотні людзей, я быў ізаляваны”.