Рынак вызваляюць ад прадпрымальнікаў на карысць чарговага гіпермаркета

111110 Luka6uk Rynok.mp3

Капітальную рэканструкцыю памяшкання вырашылі правесці ўладальнікі сталічнага рынка “Максімус” у Малінаўцы і пачалі датэрмінова скасоўваць з прадпрымальнікамі дамову аб арэндзе гандлёвых плошчаў. Але гэта, абураецца прадпрымальнік Віктар Рысік, супярэчыць дамоўленасці паміж імі, адміністрацыяй і Мінгарвыканкамам.

Віктар Рысік: “Была дасягнутая дамоўленасць, што высяленне прадпрымальнікаў можа ажыццяўляцца толькі пасля рашэння Мінгарвыканкама аб прыняцці рашэння аб рэканструкцыі рынка. Такога рашэння Мінгарвыканкам не прымаў, а дырэктар рознымі сродкамі высяляе прадпрымальнікаў. Кагосьці эканамічнымі санкцыямі, у іншых нейкія прыдуманыя парушэнні знаходзіў. А гэты ж рынак, па сутнасці, мы пабудавалі за свае грошы – мы давалі беспрацэнтныя пазыкі і думалі, што будзем працаваць усё жыццё”.


Дамовы перастаюць дзейнічаць з 1 снежня. У той жа час Алег Смольскі згубіў права гандляваць з 10 лістапада – шмат выступленняў супраць дзеянняў адміністрацыі рынка. Супраць прадпрымальніка, які гандлюе свежым мясам, нават правялі начную акцыю – прыбралі ўсе лядоўні, дзе ён захоўваў свой тавар. Прадавачкі, якія працуюць у фірме Алега Смольскага, у разгубленасці, прызнаецца Еўрарадыё адна з іх Марына Мазурэнка.

Марына Мазурэнка: “Нас як шчанюкоў выкідваюць на вуліцу. А тут армія людзей, якія тут працуюць і жывуць з гэтага рынка, утрымліваюць сям’ю. Шмат дзяўчат у нас, якія адны выхоўваюць дзяцей. Шмат перадпенсійнага ўзросту. На працу нас нікуды не бяруць – усе хочуць маладых, а нам усім за 40 гадоў. Плюс – рыначны стаж, з якім складана на працу ўладкавацца. І мы застаёмся проста без сродкаў да існавання”.



Да таго ж, пасля рэканструкцыі рынка дамовы з прадпрымальнікамі аднаўляцца не будуць. Як высветлілася, на рынку хочуць размясціць чарговы гіпермаркет. Прадпрымальнікаў жа проста выкідваюць на вуліцу.

Пацвердзілі гэта і прадстаўнікі адміністрацыі рынка падчас сустрэчы з прадпрымальнікамі 10 лістапада.

Дарэчы, сам дырэктар Міхаіл Лёнінаў на сустрэчу не прыйшоў. У адрозненні ад прадстаўнікоў ўлады – раённай адміністрацыі і Мінгарвыканкама.



Абурэнне намесніка кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Міхаіла Яноўскага выклікала заява кіраўніцтва рынка наконт рэканструкцыі, дазволу на якую ад мясцовых уладаў яны не маюць!

Міхаіл Яноўскі: “На дадзены момант ніякіх дакументаў з дазволам адміністрацыя не выдавала. І для таго, каб мы пачалі іх хаця б разглядаць магчымасць іх выдачы, неабходны пакет адпаведных дакументаў ад адміністрацыі рынка. Інакш дзеянні адміністрацыі будуць кваліфікавацца як самастойнае правядзенне прац і будуць прымененыя адпаведныя санкцыі Адзела архітэктуры і горадабудаўніцтва адміністрацыі раёна”.




А за невыкананне дамовы паміж адміністрацыяй раёна і прадпрымальнікамі, уладальнікаў рынка прапануюць пакараць фінансава -- устанавіць расцэнкі на арэнду, якія не будуць перавышаць 35 тысяч рублёў за квадратны метр. Адпаведныя дакументы з такой прапановай, кажа начальнік Упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі, ужо пайшлі ў Мінгарвыканкам з адміністрацыі Маскоўскага раёна.

Аляксандр Каліноўскі: “Калі будзе прынятае рашэнне Мінгарвыканкамам, падтрымаць раённую адміністрацыю, то арэндная плата будзе складаць на ўсім вашым аб’екце не больш за 1 базаваўю велічыню за 1 квадратны метр – 35 тысяч рублёў”.



І параіў Алегу Смольскаму звяртацца ў суд, каб абараніць сваё права на працу.

Дарэчы, падчас гэтага сходу прадпрымальнікі паскардзіліся прадстаўнікам улады на тое, што адміністрацыя рынка не дазваляе ім праводзіць на сваіх працоўных месцах сходы. Называе гэта несанкцыянаванымі мітынгамі і выклікае міліцыю ды КДБ. У адказ Аляксандр Каліноўскі параіў ім перапісваць прозвішчы ўсіх, хто перашкаджае прадпрымальнікам збірацца для абмеркавання сваіх надзённых праблем і паведамляць ім – будуць караць.

Фота: Змітра Лукашука