Ролік для дыпламатаў і турыстаў пра Беларусь каштаваў як танная тэлерэклама

111228 Luka6uk Rolik.mp3

Прадставіць замежнікам адзін дзень з жыцця Беларусі вырашыла айчыннае МЗС. Зрабілі дыпламаты гэта з дапамогай відэароліка, які так і называецца — “Беларусь: адзін дзень з жыцця”. Праўда, грошай на яго выдзелілі на ўзроўні самага простага рэкламнага тэлероліка, дзеліцца з Еўрарадыё яго стваральнік Арцём Прадко.

Арцём Прадко: “Бюджэт там — на ўзроўні самага простага рэкламнага роліка, што ідзе па тэлеку. Для такога роліка — больш на энтузіязме працавалі”.

А прадзюсар Юля Дубоўская дадае: з улікам выдзеленага бюджэта, яны зрабілі нават больш, чым было магчыма.

Юля Дубоўская: “Бюджэт складаўся на пачатку года, і ў міністэрства не было магчымасці яго карэктаваць у большы бок. У нас няма прыбытку на гэтым роліку, як у прадакшн-студыі. І я пайшла на гэта як прадзюсар, абмеркаваўшы гэта з усёй групай — з калегамі і кіраўніцтвам. І мы прынялі рашэнне рабіць гэты ролік без рэнтабельнасці. Мы патрацілі ўсе грошы, якія былі неабходныя для здымак, і нават іх нам не хапіла”.

Але ролік зрабілі і анансуецца ён як фільм пра Беларусь. Вось толькі дастатковага ўяўлення аб усёй краіне, заўважае рэкламістка Юля Ляшкевіч, гэты відэафільм не дае.

Юля Ляшкевіч: “Гэта не ролік пра Беларусь — гэта ролік пра Мінск. Там трэба было пісаць — “Мінск: адзін дзень”... Там толькі адзін замак прысутнічае — Мірскі. Відаць, таму што недалёка знаходзіцца. А ўсіх астатніх няма. І сказаць, што пасля гэтага роліка чалавек захоча ў Беларусь... Магчыма, яго зацікавіць Мінск, але Беларусь — гэта не Мінск, як Расія — гэта не Масква. Я да апошняга моманту чакала, што там з’явіцца хаця б Магілёў, Гомель, Брэст — вялікія абласныя гарады. Не кажучы ўжо пра нейкія іншыя славутасці”.


Вокам рэкламіста яна заўважыла, што гэты ролік вельмі нагадвае стужку пра Мінск, якая з’явілася год таму. Прычым, сцвярджае Юля, нягледзячы на тое, што абодва ролікі зробленыя ў адной манеры, ролік “мінскі” — больш якасны.



Як высветліла Еўрарадыё, нічога дзіўнага ў такім падабенстве няма. Абодва відэафільмы рабіў адзін аўтар — Арцём Прадко. Насычанасць роліка сталічнымі кадрамі ён патлумачыў недахопам часу на здымкі.

Арцём Прадко: “МЗС толькі ў сярэдзіне кастрычніка канчаткова сказала: “Так, трэба рабіць ролік”, — і пайшла праца. Але ўжо не было часу, каб ездзіць здымаць па краіне. У Нясвіж з’ездзілі, а з іншымі гарадамі нічога не атрымалася. А Мінска я шмат наздымаў яшчэ ўлетку. Так што, тут так ужо атрымалася...”

І гэта нягледзячы на тое, што ў МЗС прапрацоўваць ідэю здымак роліка пра Беларусь пачалі яшчэ ў 2010 годзе — пасля з’яўлення відэа Арцёма пра Мінск.

Не толькі на недахоп геаграфічнасці звяртае ўвагу рэкламістка Юля Ляшкевіч. На яе погляд, у роліку адсутнічае тлумачэнне таго, чым наша краіна адметная, чаму Беларусь проста неабходна наведаць.

Юля Ляшкевіч: “Я лічу, што ролік недароблены. Там не прадстаўлена ўся Беларусь, там няма мэсэджу, няма думкі. Калі мы кажам пра рэкламны пасыл, то выкарыстанне часу павінна быць больш аптымальным. І пэўны мэсэдж мусіць быць у канцы альбо тытрамі. І ён павінен быць моцна прывабным. А “Адзін дзень з жыцця Беларусі” — гэта не слоган і не прывабны момант. Калі толькі задача не стаіць іншая — не прывабіць людзей, а сказаць: “Вы думаеце, што ў нас тут людзі галадаюць і выходзяць на плошчы — а насамрэч у нас тут усё вельмі добра. І калі вам будуць паказваць карцінкі пра тое, што Бяляцкага не пусцілі да бацькі, то насамрэч у нас краіна, якая мірна засынае і мірна прачынаецца і якая робіць БелАЗы”. Можа, у гэтым задача была?”


Але прадзюсар Юля Дубоўская лічыць, што ў роліку ясна бачны і адпаведны задачы пасыл.

Юля Дубоўская: “Асноўны мэсэдж — прыгожая краіна з прыгожымі заходамі, прыгожымі гарадамі. Краіна, у якую можна прыехаць і ўсё гэта пабачыць на ўласныя вочы”.

І ўпэўнівае: не зважаючы на гэта, яны згодныя працягнуць супрацу з МЗС і зняць ролікі і пра прыроду Беларусі, і пра яе гарады, і пра яе славутасці.

Дарэчы, Еўрарадыё прыгадала яшчэ адзін ролік, які, на наш погляд, дае больш шырокае ўяўленне пра нашу краіну, чым фільм, анасаваны МЗС.