Разгляд справаў “невыязных” адкладаецца
Паседжанні па пазовах Алега Гулака і Гары Паганяйлы павінны былі адбыцца 18 красавіка.
Аднак іх перанеслі на нявызначаны тэрмін, расказаў Еўрарадыё намеснік старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла (на здымку):
“Павінен быў адбыцца 18 красавіка. Але вось мне і Алегу Гулаку ў адзін дзень пазванілі і паведамілі, што разгляд нашых справаў адкладваецца на нявызначаны тэрмін. Адчуваецца такая сінхранізацыя. Нехта кіруе палётамі, адсочвае сітуацыю. Верагодна, што проста хочуць завалакіціць гэтую справу”.
Праваабаронца гаворыць, што на самацёк сваю справу адпускаць не збіраецца і будзе дамагацца дысцыплінарных пакаранняў для суддзяў, якія вядуць справы аб забароне на выезд з краіны для апазіцыянераў, праваабаронцаў і журналістаў.
Сустаршыня грамадзянскай кампаніі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка паведаміў Еўрарадыё, што таксама даслаў пазоў у суд. Аднак ні яму, ні намесніку старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Валерыю Ухналёву, даты разгляду справы пакуль не прызначылі.
Нагадаем, што ад пачатку сакавіка з праблемамі пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы сутыкнуліся больш за паўтара дзесятка грамадскіх і палітычных актывістаў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Паводле неафіцыйнай версіі, усе яны трапілі ў так званы “спіс невыязных”, створаны беларускімі ўладамі ў адказ нак спіс неўязных у ЕС чыноўнікаў і бізнэсоўцаў.
Фота — bymedia.net