Прыкметы забойцы Навуменкі дагэтуль “удакладняюцца і дапаўняюцца”

Смяротныя пабоі былі нанесены Якаву Навуменку 19 жніўня. Праз тыдзень Народны артыст Беларусі памёр ва ўкраінскай бальніцы, не прыйшоўшы ў прытомнасць.

Прэс-сакратар пракуратуры Севастопаля Валерый Ястрэмскі ўпершыню паведамляе Еўрарадыё пра страшныя траўмы артыста і спосаб, якім яго забілі.

Валерый Ястрэмскі: “Нявызначаная асоба наўмысна нанесла Якаву Навуменку ўдар па галаве нявызначаным прадметам, прычыніўшы цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы, удару галаўнога мозга, пералому цемянной косткі і асновы чэрапа”.

Севастопальская міліцыя вядзе непасрэднае расследаванне забойства. Пракуратура здзяйсняе нагляд. Цікавімся ў Валерыя Ястрэмскага, што зроблена на дадзены момант.

Валерый Ястрэмскі: “Дапытана вялікая колькасць сведак, агледжана месца здарэння, дзе былі выняты сляды злачынства. На жаль, не магу паведаміць аб усіх праведзеных мерапрыемствах у сувязі з таямніцай дасудовага следства. Разумееце як, вас пачуе той, хто гэта зрабіў, і будзе адносна гэтых звестак будаваць сваю абарону”.

Еўрарадыё: Дык ці затрыманы забойца?

Валерый Ястрэмскі: “Не, не затрыманы. Праводзяцца мерапрыемствы па выяўленні асобы вінаватага, прымаюцца меры для яго затрымання”.

Міліцыя Севастопаля паведаміла пра забойства Якава Навуменкі толькі 27 жніўня, калі пра трагедыю перадалі беларускія і ўкраінскія СМІ. Міліцыя пачала шырока шукаць сведак і “прасіць спрыяння” толькі 28 жніўня — праз дзевяць дзён пасля нанясення траўмаў. Не дзіўна, што забойцу не ўзялі па гарачых слядах.

Адзін з кіраўнікоў папулярнага ў Севастопалі СМІ так выказаўся пра расследаванне забойства Народнага артыста Беларусі:

“Толькі пасля таго, як з'явіліся публікацыі ў СМІ, міліцэйскае начальства пракаментавала, што Навуменка сам паваліўся і стукнуўся галавой. Расследаваць гэту справу не рваліся. Фотаробат не распаўсюджваўся…”

“Бываю на Нахімава кожны дзень, фотаробата забойцы артыста тут нідзе не вывешвалі. Паўсюль фотаздымкі тыпа, які заваліў трох ахоўнікаў у Кіеве”, — расказвае Еўрарадыё жыхар Севастопаля Сяргей, які праводзіць на плошчы Нахімава амаль кожны вечар (хлопца мы знайшлі праз сацыяльныя сеткі, ён удзельнічае ў адпаведнай групе, прысвечанай плошчы Нахімава).

“Прыкметы забойцы ўдакладняюцца і дапаўняюцца. Калі будзе магчымасць, фотаробат будзе распаўсюджаны”, — паведамляюць Еўрарадыё ва ўпраўленні Міністэрства ўнутраных спраў Украіны па горадзе Севастопалі. 

Выходзіць, што імя забойцы Якава Навуменкі не ведаюць, крымінальная справа, мяркуючы па ўсім, рухаецца слаба.

Фота TUT.by