Правесці выходныя ў ізалятары ці дома, вырашае начальнік РУУС
Затрыманыя ў пятніцу апазіцыянеры заўсёды чакаюць панядзелка за кратамі, бо потым іх цяжка злавіць і прывезці ў суд.
Новы год актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Павел Вінаградаў сустрэў у ізалятары на Акрэсціна. Прычым, гэтыя тры дні за кратамі было незразумела — за справу ён там знаходзіцца, ці “атрымалася памылка”. Усё з-за таго, што затрымалі актывіста ў пятніцу, 30 снежня ў будынку Маскоўскага РУУС, куды хлопца выклікалі “на размову”. Суда хлопцу давялося чакаць да панядзелка — 2 студзеня. Нягледзячы на тое, што ў выходныя ў судзе ёсць дзяжурны суддзя.
Як тлумачаць Еўрарадыё ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, дзяжурыць суддзя ў выходныя і святочныя дні… не для таго, каб праводзіць судовыя пасяджэнні.
Суд Маскоўскага раёна: “Ён вядзе толькі прыём заяў ад грамадзян. А адміністрацыйныя пратаколы не разглядае”.
Так што выходныя ў ізалятары ў чаканні суда — справа для нашай краіны нармальная. Праўда, бывае і так, што адпускаюць дахаты, прызначыўшы час суда ў панядзелак, да прыкладу.
Рашэнне, пакінуць парушальніка на выходныя ў ізалятары, па словах падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, прымаецца толькі ў выключным выпадку.
Мікалай Казлоў: “Калі чалавек неадэкватны, нецвярозы — яго небяспечна выпускаць, ці яму “цяжка”, тады ў якасці выключнай меры (!) прымаецца рашэнне ўтрымліваць яго да суда. Гэта — мера выключная, павінна прымяняцца ў крайніх выпадках. А ў нас, асабліва калі справа тычыцца “нязгодных”, тады і гэта палітызуецца і ўсе яны ідуць у ізалятар. Хаця патрэбы ў гэтым няма”.
Па словах падпалкоўніка, нават нецвярозага, затрыманага ў пятніцу вечарам за лаянку “ў грамадскім месцы”, могуць адпусціць да дому. Гэта калі па яго ў РУУС прыйдуць сваякі.
Жонка Вінаградава, Святлана кажа, што Паўла паспелі нават даставіць у суд. Але там адклалі разгляд справы на наступны год.
Святлана: “Калі ў 16 гадзін яго тэлефон стаў недаступны, я ўсё зразумела і паехала ў РУУС. Але там нам сказалі, што яго ўжо павезлі ў суд, і мы адразу паспяшаліся туды. І ён там насамрэч быў, мы яго бачылі, ён паспеў крыкнуць, што суд адкладзены да панядзелка. Мы зноў рушылі ў РУУС, але там сказалі, што яго адразу на Акрэсціна павезлі”.
Кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч спробы высветліць, чаму актывістаў пакідаюць да суда ў ізалятары, назваў нявартымі.
Канстанцін Шалькевіч: “Гэта тое ж, як пры парушэнні правілаў дарожнага руху аднаму даюць штраф мінімальны, другому — сярэдні, трэцяму — максімальны, пытацца: “А чаму так, чаму не ўсім мінімальны?”. Сэнсу пра гэта пытацца няма: вызначаныя заканадаўствам рамкі, яны выконваюцца. Ну, і ўсё”.
Але праваабаронца Наста Лойка чула і зусім нечаканае тлумачэнне.
Наста Лойка: “Палітычных актывістаў ніколі не адпускаюць на выходныя дадому да суда і тлумачаць гэта тым, што потым іх цяжка лавіць”.