Праверыць літр малака на антыбіётыкі каштуе… больш за 100 долараў!
У Маскве за такі аналіз трэба заплаціць ўдвая менш.
“Я думаю, што, хутчэй за ўсё, антыбіётыкаў няма. Бо малако праходзіць вытворчы кантроль. Там ёсць сістэма вытворчага кантролю”, — намеснік кіраўніка сталічнай Санэпідэмстанцыі Пётр Амвросьеў адгаворвае журналіста Еўрарадыё рабіць аналіз прадукцыі беларускіх малочных камбінатаў.
Менавіта праз чатырохразовае перавышэнне нормы па ўтрыманні антыбіётыкаў Украіна ўжо тыдзень не пускае да сябе беларускае малако. Еўрарадыё паспрабавала даследаваць малако са сталічных крамаў і сутыкнулася з неразуменнем з боку санстанцыі. Там заявілі, што малако правяраюць і без нас. А таму турбавацца няма пра што.
120307 Pilecki Malako.mp3
“Такія даследаванні мы бясплатна не праводзім. Калі вось трошкі ўнікнуць у сітуацыю, то вось малако ж шмат разоў правяраюць. Пачынаючы ад фермы — да паступлення на завод”.
Раз бясплатна не праводзяць, то мы прапанавалі заплаціць. Рахунак у санстанцыі падбівалі паўгадзіны і налічылі... ажно 900 тысяч рублёў! І гэта мінімум, які трэба выкласці за адну літровую пробу малака. Калі захочаце праверыць два розныя гатункі — аналіз пацягне амаль на два мільёны. Гавораць, што ён робіцца на звышсучасным абсталяванні, таму і кошты такія. Але ў Маскве аналіз на антыбіётыкі каштуе ўдвая танней — 50 долараў. У санстанцыі не ўзгадваюць, каб нехта правяраў малако ў прыватным парадку. Антыбіётыкі ў прадукцыі шукаюць тады, калі прадпрыемства само папросіць.
“Неабходна гэта ў тых выпадках, калі прадпрыемства робіць запыт. Калі іх вытворчая лабараторыя не акрэдытаваная на правядзенне аналізу. А прыватныя асобы? Калі яны займаюцца вытворчасцю прадукцыі, то чаму не?”
Не кожны захоча аддаць 900 тысяч за аналіз пакета малака, які каштуе 5 тысяч. А тым часам вялікая колькасць антыбіётыкаў можа значна пагоршыць самаадчуванне. І нават моцна аслабіць імунітэт.
“Парушэнне стрававання, імунітэту. Падаўленне нармальнай мікрафлоры страўніка. Але з харчаваннем — гэта зусім іншае пытанне. Не аб гэтай дазіроўцы ідзе гаворка: там жа могуць заставацца мінімальныя рэшткі антыбіётыкаў. Гэта ж колькі трэба з’есці, каб атрымаць такі эфект?” — расказваюць Еўрарадыё ў рэспубліканскім Цэнтры эпідэміялогіі.
Там перакананыя, што дазволеныя нормы па антыбіётыках не нашкодзяць людзям. Вядома, што не нашкодзяць. Але калі яны перавышаныя ў 4 разы, наступствы будуць зусім іншымі.
“Неабходна гэта ў тых выпадках, калі прадпрыемства робіць запыт. Калі іх вытворчая лабараторыя не акрэдытаваная на правядзенне аналізу. А прыватныя асобы? Калі яны займаюцца вытворчасцю прадукцыі, то чаму не?”