Праваабаронцаў затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні тэракту?
Вядомыя віцебскія грамадскія актывісты былі затрыманыя 19 красавіка ў Мінску і дастаўлены ў РУУС Фрунзенскага раёна.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", праваабаронцу, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Паўла Левінава, старшыню абласной арганізацыі АГП, заснавальніцу грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Вольгу Карач і рэдактара газеты "Віцебскі кур'ер" Алега Баршчэўскага затрымалі "па непасрэдна ўзніклым падазрэнні" ў здзяйсненні тэракту 11 красавіка ў мінскім метро.
Такую фармулёўку змяшчае арт.108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Паводле яго, затрыманыя могуць знаходзіцца пад вартай да 10 сутак.
Асобу, падазраваную ў здзяйсненні злачынства, могуць затрымаць пры наяўнасці пэўных падставаў — калі заспеюць пры здзяйсненні злачынства, калі сведкі злачынства або пацярпелыя паказваюць на асобу як на злачынца, калі на асобе ці яе рэчах выяўленыя відавочныя сляды злачынства ці калі ёсць іншыя дастатковыя падставы для падазрэнняў у здзяйсненні злачынства пры ўмове, што асоба спрабавала знікнуць з месца злачынства.
Юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч называе затрыманне свайго калегі, праваабаронцы Паўла Левінава недарэчным: "Затрыманне Левінава не мае падстаў, пералічаных у артыкуле 108 КПК. А наогул факты затрыманняў праваабаронцаў, незалежных журналістаў па падазрэнні ў здзяйсненні тэрарыстычнага акту вельмі насцярожваюць. Асабліва, калі ёсць інфармацыя аб тым, што злачынцы ўжо затрыманыя".