Праваабарончы цэнтр "Вясна" пратэстуе супраць пераследу Пачобута

"Спробу грубага ціску на незалежнага журналіста і грамадскага актывіста з выкарыстаннем дыфамацыйнага артыкула Крымінальнага кодэксу мы расцэньваем як палітычны пераслед.  Узбуджэнне крымінальнай справы супраць журналіста аднаго з найпапулярнейшых выданняў Польшчы, а таксама аднаго з кіраўнікоў непрызнанай уладамі няўрадавай арганізацыі польскай нацыянальнай меншасці адбываецца на фоне пагаршэння адносінаў паміж афіцыйным Мінскам і Варшаваю. Такім чынам А.Пачобут стаўся закладнікам непрадуманай і валюнтарысцкай знешняй палітыкі беларускіх уладаў", гаворыцца ў звароце праваабарончага цэнтру "Вясна".

Пераслед актывіста польскай нацыянальнай меншасці і журналіста Андрэя Пачобута перакрэслівае ўсялякія шанцы для паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і дэмакратычнымі дзяржавамі ў свеце, лічаць праваабаронцы.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць крымінальны пераслед Андрэя Пачобута, скасаваць дыфамацыйныя артыкулы Крымінальнага кодэксу ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды прэсы і свабоды выказванняў, зарэгістраваць непрызнаны беларускімі ўладамі незалежны Саюз палякаў Беларусі.