Пракуратура не будзе разглядаць скаргу рэдактара “Бабруйскага кур’ера"
Там чакаюць скаргаў ад журналістаў або іх адвакатаў, а не ад рэдактара газеты. Пра гэта заявіў пракурор Ленінскага раёна Карапяцян.
Галоўны рэдактар "Бабруйскага кур'ера" спрабаваў абскардзіць пастанову аб адміністрацыйным правапарушэнні. Нагадаем, што на "маўклівай акцыі" 6 ліпеня міліцыянты затрымалі журналістаў газеты Віктара Качана і Віктара Масаловіча, якія асвятлялі падзею. Журналістаў цэлую ноч пратрымалі ў ізалятары, а на наступны дзень суд пакараў іх штрафамі у памеры 175 тысяч рублёў.
Рэдактар газеты Анатоль Санаценка накіраваў скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеянні міліцыі. Ён кажа, што журналісты выконвалі загад рэдакцыі і былі затрыманыя ў працоўны час. Таму, мяркуе Санаценка, ён меў поўнае права патрабаваць ад пракурора раёна аднавіць законнасць.
На думку рэдактара, пракурор Карапяцян не звярнуў увагі на факты грубага парушэння заканадаўства аб СМІ. Санаценка збіраецца скардзіцца ў вышэйшую інстанцыю.