Прадпрымальнікі сталічнага рынку прызначылі на 29 лістапада забастоўку

Яны выказваюць сваю нязгоду з датэрміновым скасаваннем дамовы на арэнду гандлёвых месцаў. Забастоўку папярэдне прызначылі на 29 лістапада. Такое рашэнне, прынятае на сходзе прыдпрымальнікаў 10 лістапада, агучыў Еўрарадыё Віктар Рысік.

Рысік: “Пад заклікам аб правядзенні гэтай забастоўкі было сабрана больш за 400 подпісаў. Мы за два тыдні да прызначанай даты павінныя паведаміць пра гэта гарадскім уладам аб правядзенні забастоўкі і атрымаць на гэта дазвол. Можа быць, адмову. Сёння дзясятага — пакуль мы падрыхтуем пратакол схода, усё астатняе... Прапанавана 29 лістапада правесці забастоўку на працоўных месцах”.

Як патлумачылі Еўрарадыё прадпрымальнікі, адміністрацыя рынка ў аднабаковым парадку скасоўвае з імі дамовы на арэнду гандлёвых месцаў. Нібыта для таго, каб правесці капітальную рэканструкцыю рынку. Але прадпрымальнікаў шчыра папярэджваюць, што пасля заканчэння рамонту дамову з імі не працягнуць. Адміністрацыя рынку хоча аддаць усе памяшканні пад новы гіпермаркет. Прадпрымальнікаў жа проста выкідваюць на вуліцу.