Port Mone напісалі музыку для камуністычнага “Хлеба”

Мінскае інструментальнае трыа Port Mone агучыла нямы фільм “Хлеб”, зняты ўкраінскім рэжысёрам Мікалаем Шпікоўскім у 1929 годзе.

130422_port_monevarsoba.mp3

“Гэта вельмі займальна, — дзеліцца ўражаннямі ад працы лідар гурта Аляксей Варсоба.Справа ў тым, што і кінакадры ўспрымаюцца па-іншаму, і музыка ўспрымаецца па-іншаму. Нейкія сэнсы, якія нават не чакаў пачуць у сваёй музыцы, яны раптам узнікаюць”.

Гэта першы досвед Port Mone у якасці “тапёраў”. Саўндтрэк да фільма ўключае як новыя, так і старыя п’есы. “Хлеб” з музычнай інтэрпрэтацыяй Port Mone будзе паказаны ў межах фэсту “Нямыя ночы”, што пройдзе ў Адэсе з 21 па 23 чэрвеня. DVD фільма з музыкай Port Mone мае выйсці восенню.

“Хлеб” — 44-хвілінная карціна, забароненая адразу пасля выхаду на экраны. Гэта класічная агітка пра тое, як чырвонаармейцы запэўніваюць не надта даверлівае насельніцтва Ўкраіны, што камуністычная пшаніца — найлепшая ў свеце. Шпікоўскі зняў карціну, абсалютна ігнаруючы каноны мантажных рашэнняў, ракурсаў здымак і аператарскай працы.