Pomidor/OFF: Гэта нашы кароны, але барацьба магла быць больш шчырай

Гурт Pomidor/OFF, які на сёлятняй "Рок-каранацыі" атрымаў галоўны прыз, а таксама быў прызнаны аўтарам лепшай песні, нарэшце атрымаў свае узнагароды. Усе гэтыя дні дзве кароны ляжалі ў рэдакцыі Еўрарадыё, бо на самой цырымоніі музыкі не прысутнічалі, і па просьбе лідара гурта іх забраў наш журналіст Павел Свярдлоў.

На дыпломе надпіс Pomidor/OFF журналісты Еўрарадыё часова выправілі на P.Sverdl/OFF

Нагадаем, што за некалькі дзён да "Рок-каранацыі" Аляксандр Памідораў дастаткова негатыўна выказаўся пра яе арганізацыю, адбор музыкі ды пацвердзіў рашэнне не выступаць сёлета ў Маладзечне. Нягледзячы на высокія адзнакі, у выніку, ён не адмаўляецца ад свайго ранейшага меркавання, але ўдзячны за дзве ўзнагароды.

Аляксандр пасмяяўся, але паперку адразу ж адляпіў

"Дзякуй вялікі! Гэтую адзнаку, безумоўна, трэба будзе належным чынам адпрацаваць пазней. Гэта значыць, запісаць яшчэ пласцінак, выдаць яшчэ песень.., - каментуе перамогу лідар Pomidor/OFF. - Мае папярэднія словы не значаць, што мы зараз носім і трымаем у руках чужыя кароны. Гэта нашы кароны, але барацьба магла быць больш жорсткай і больш шчырай".

Нагадаем, Рок-каранацыя-2012 прайшла 31 сакавіка ў маладзечанскім Палацы культуры. Яна сабрала шэсць гуртоў і паўпустую залу. Гурт Pomidor/off быў названы выканаўцам году, а таксама атрымаў малую карону за найлепшую песню года — “Дым”. Што да іншых намінацый, то ўзнагароды размеркаваліся наступным чынам. “Прарыў года” — гурт Akute. “Традыцыі і сучаснасць” — Znich. “Альбом года” — “Зімачка” гурту “Тройца”. “Вернасць традыцыям” — Drum Extasy. “Найлепшы поп-рок-гурт года” — J:Moрс. Тытул рок-князёўны атрымала Зоя Сахончык, вакалістка гурта ZM99. У намінацыі “Падзея года” рок-карону атрымала дырэктарка Музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах Святлана Лакотка — за арганізацыю фэсту “Камяніца”.

Нягледзячы на стаўленне да Рок-каранацыі, Аляксандр відавочна задаволены

Музыкі з “чорнага спісу” не былі адзначаныя ніякім чынам. Рок-кароны абмінулі нават Сяргея Міхалка, нягледзячы на відавочную папулярнасць “Грай” і “Не быць скотам”.