Польскія дыпламаты знайшлі ў Мінску новае памяшканне пад амбасаду

Шарэпка: “Мы 13 снежня атрымалі дазвол з дыпсэрвіса на тое, каб змяніць юрыдычны адрас амбасады. І зараз вядзем перамовы з уласнікам будынка, які мы знайшлі і дзе можа быць амбасада. Я думаю, што на гэтым тыдні мы падпішам такую папярэднюю дамову. Але потым яшчэ трэба будзе весці перамовы наконт кошту, умоваў, мадэрнізацыі гэтага будынка. На гэта патрэбны час і грошы”.

Таму казаць, калі амбасада Польшчы пераедзе па новым адрасе, дыпламат не бярэцца. Ён выказаў спадзяванне, што беларускі бок паставіцца з разуменнем да гэтай затрымкі з пераездам і будзе дзейнічаць у адпаведнасці з міжнароднай дыпламатычнай практыкай.

Нагадаем, польскіх дыпламатаў папярэдзілі, што тэрмін арэнды будынка амбасады, заканчваецца 31 снежня. Працягваць дамову з палякамі ўласнік будынка не збіраецца, таму яго неабходна вызваліць. Па словах Шарэпкі, яны пакуль не атрымалі адказ з дыпсэрвіса на пытанне пра тое, як ім дзейнічаць пасля 31 снежня, калі новы будынак яшчэ не будзе гатовы да пераезду амбасады.