Пірка Тапіёла: "Усходняе партнёрства" стваралася адмыслова для Беларусі
Але пакуль праграма ў нас амаль не запрацавала. Як распавёў дарадца Савета ЕС, Еўрасаюз адкрыты да таго, каб нарэшце падпісаць Дамову аб партнёрстве і супрацоўн
Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдаткуе на бліжэйшыя тры гады больш за 4
мільярды еўра на фінансаванне праграм у рамках "Усходняга партнёрства".
Грошы цягам наступных трох гадоў пойдуць на розныя інвестыцыйная
праекты, а таксама на транспартныя і экалагічныя праграмы. Але, як
распавёў на канферэнцыі ў Любліне прадстаўнік Еўрапейскага банка Філіп Шымчак, Беларусь наўрад ці зможа ўдзельнічаць у гэтых праектах.
Філіп Шымчак: “Цяпер
мы сканцэнтравалі ўвагу на “паўднёвай восі” і “цэнтральнай”. Бо на
дадзены момант “паўночная вось” знаходзіцца ў цяжкім становішчы:
Беларусь не атрымала права выкарыстоўваць некаторыя з нашых фінансавых
інструментаў. Расія таксама паставіла пэўныя ўмовы, кажучы пра нашае
супрацоўніцтва па транспартных сетках. Так што зараз мы развіваем
"паўднёвую" і "цэнтральную транспартную вось" і ўкладаем грошы ва
Ўкраіну, Малдову, Грузію і Арменію”.
Падобная
сітуацыя і з інвестыцыйнымі праграмамі. Рэч у тым, што па такіх
праграмах банк супрацоўнічае выключна з урадам краіны, мясцовымі
ўладамі. Але настойвае на празрыстасці тэндараў — каму і на якія
праграмы пералічваць грошы. Мала таго, што ў банка ёсць сумневы ў тым,
што ў Беларусі такія тэндары сапраўды праводзяцца празрыста, у нашай
краіны няма юрыдычных падставаў для супрацоўніцтва.
Філіп Шымчак: “Беларусь
яшчэ не ўключаная ў наша фінансаванне: такое рашэнне яшчэ не прынята. У
нас ёсць рамачныя пагадненні аб супрацоўніцтве з усімі
краінамі-партнёрамі. За выключэннем Беларусі і Азербайджана”.
Ці
пойдуць грошы Еўрапейскага банка ў нашую краіну, верагодна, залежыць
толькі ад палітычнага рашэння беларускіх уладаў. Тым больш, што, паводле
словаў старшага дарадцы па справах Украіны, Беларусі і Малдовы Савета
ЕС Пірка Тапіёлы, праграма "Ўсходняе партнёрства" стваралася выключна для Беларусі — для таго, каб нарэшце далучыць яе да еўраінтэграцыі.
Пірка Тапіёла: “У
выніку палітычных падзей Беларусь не ратыфікавала падпісаную ў 1990-х
гадах Дамову аб партнёрстве і супрацоўніцтве. І ў Савеце Еўрапейскага
Саюза было прынятае рашэнне, каб адчыніць дзверы Беларусі, каб Беларусь
прыцягнуць да супрацоўніцтва. Таму відавочна, што "Ўсходняе партнёрства"
накіраванае канкрэтна па адрасе Беларусі, каб Беларусь удзельнічала ў
гэтым працэсе. І тут важна паказаць карысць, пэўную выгоду такога
супрацоўніцтва. Мы адкрытыя да таго, каб заключыць пэўныя дамовы, каб
нарэшце прыйсці да падпісання Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве. І
ўжо распрацаваны пэўны план дзеянняў. Мы імкнемся да таго, каб былі
прынятыя пэўныя рашэнні з аблягчэннем візавага рэжыму, бо гэта важна для
грамадзян Беларусі”.
Праўда,
адзначыў Тапіёла, Еўрасаюз заахвочвае Беларусь да супрацоўніцтва, а не
навязвае яго. Бо нават дзеля выканання сваіх планаў у дачыненні да нашай
краіны Еўропа не адступіць ад дэмакратычных і маральных каштоўнасцяў.
Еўрарадыё
пацікавілася ў Піркі Тапіёлы, якія надзеі ўскладае Савет ЕС на
прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. З пункту гледжання будучыні праграмы
"Ўсходняе партнёрства" і супрацоўніцтва ЕС і нашай краіны.
Пірка Тапіёла: “Давайце
не будзем перабольшваць ролі і значнасці прэзідэнцкіх выбараў. Самае
галоўнае — працэс, як ён выглядае. Напрыклад, БДІПЧ АБСЕ прадставіў цэлы
шэраг рэкамендацый. Паглядзім, у якой ступені гэтыя рэкамендацыі будуць
выконвацца. Мы ведаем, што прэзідэнт Беларусі ў пэўнай ступені
папулярны ў Беларусі, мы ведаем, што апазіцыйныя групы слабыя. І мы тут
не кажам пра тое, хто павінен быць абраны, а хто — не. Самае галоўнае
для нас — як выглядае выбарчы працэс. Мы будзем назіраць за тым, што
будзе адбывацца 19 снежня і перад 19 снежня — якім чынам будзе
праходзіць выбарчая кампанія, самі выбары”.
Згодна з яго
словамі, дэмакратызацыя — доўгі працэс. І Еўропа імкнецца зацікаўліваць
Беларусь ісці па гэтым шляху. І таму, кажа Пірка Тапіёла, яны мусяць
глядзець не толькі на выбары, але і далей: як будзе развівацца
грамадзянская супольнасць, ці будуць выконвацца правы і свабоды людзей і
гэтак далей.
Фота: Змітра Лукашука