“У Гомелі плошча ачэпленая, атмасфера не вельмі святочная...”
Пра тое, як святкуецца 3 ліпеня ў Гомелі Еўрарардыё расказвае жыхар горада і дэмакратычны актывіст Павел Кузняцоў.
Еўрарадыё: Як прайшло афіцыйнае святкаванне ў Гомелі?
Кузняцоў: Усё стандартна, як і на ўсіх іншых афіцыйных святах: канцэрт, дзіцячыя выставы, кірмаш. Але ёсць такі вельмі характэрны штрых: цэнтральная плошча – плошча Леніна – яна з усіх бакоў ачэпленая і вельмі шмат супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Такое свята за ачапленнем, так можна гэта назваць. І народу няшмат, таму што атмасфера не вельмі святочная. У такой абстаноўцы – за ачапленнем і з такой колькасцю супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Зараз ніякіх эксцэсаў няма, але як многія ўжо ведаюць, тут, у Гомелі, былі папярэднія затрыманні актывістаў дэмакратычных сілаў. Як мінімум трох чалавек затрымалі – гэта Андрдэй Цянюта, сябра маладога фронту, Павел Прывалаў, сябра Беларускага Руху і каардынатар маўклівых акцый па Гомелі. І Руслан Усціменка, ён наогул не ўдзельнік аніякіх апазіцыйных сілаў, ён проста ўдзельнік папярэдніх маўклівых акцый, ён ужо двойчы быў затрыманы і на гэты раз улады відавочна вырашылі яго затрымаць прэвентыўна. Яны ўжо бачаць у ім нейкага лідара. Наколькі я ведаю, гомельскія ўлады у гэтым плане адны з найбольш актыўных у Беларусі.
Еўрарадыё: Ці чакаецца у Гомелі неафіцыйная акцыя ўвечары?
Кузняцоў: мяркуючы па інфармацыі ў сацыяльных сетках, чакаецца. А афіцыйнай пратэстнай часткі, якую арганізоўвалі б апазіцыйныя сілы, наколькі я ведаю, не чакаецца. Толькі тое, што людзі збяруцца на заклік у сацыяльных сетках.
Еўрарадыё: А што новага вядома пра закрыццё сайта “Моцныя навіны”?
Кузняцоў: Цяпер ніякіх навінаў, таму што мой брат, Пётр Кузняцоў, выкліканы ў міліцыю павесткай на панядзелак і там з ім будзе размова наконт кватэры, у якой знаходзіцца офіс “Моцных навінаў” і офіс рэгіянальнага аддзялення руху “За свабоду”. І толькі пасля размовы, якую міліцыянты з Пятром правядуць, будзе штосьці вядома.