Партыя БНФ прапануе людзям рызыкнуць амаль 6 тысячамі долараў

З тым, каб іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Праўда, існуе пагроза, што такія "неабыякавыя" самі могуць пацярпець.

Па сённяшні дзень у СІЗА КДБ утрымліваецца 27 чалавек, якім прад’яўленыя абвінавачванні ў дачыненні да падзей 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Яшчэ 2 чалавекі знаходзяцца ў следчым ізалятары на Валадарскага. З гэтай нагоды Партыя БНФ звярнулася да людзей з просьбай падпісацца пад паручальніцтвамі за гэтых зняволеных. Пра гэта расказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч: “Можна дапамагчы гэтым людзям праз падпісанне асабістага паручальніцтва. Дзеля таго, каб гэтых людзей выпусцілі пад падпіску аб нявыедзе, каб яны знаходзіліся на волі падчас следства, да суда. Мы заклікаем людзей прыходзіць падпісвацца, намі гэтыя паручальнітвы будуць перададзеныя ў пракуратуру, следчыя органы. Мы спадзяемся, што ціск беларускага грамадства дзеля вызвалення гэтых асобаў можа мець вынік”.

Падтрымаў гэтую ідэю і былы кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў: “Я зараз знаходжуся на свабодзе, але я ўяўляю, у якіх умовах знаходзяцца арыштаваныя ці затрыманыя людзі ў розных следчых ізалятарах і турмах. Зразумела, што гэтыя ўмовы не цукар. Асабліва тым людзям, якія маюць праблемы са здароўем, цяжка знаходзіцца там. Я далучаюся да гэтай кампаніі як былы кандыдат у прэзідэнты, як намеснік старшыні Партыі БНФ, як грамадзянін і як беларус. Гэта мой абавязак”.

А намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў супакоіў, што працэдура хадайніцтва цалкам законная.

Ігар Лялькоў: “Працэдура вызвалення праз паручальніцтва прадугледжана беларускім заканадаўствам. Яна з’яўляецца абсалютна легальным і вельмі моцным спосабам выказаць асабістую салідарнасць з кожным з вязняў і паспрыяць яго хутчэйшаму вяртанню на волю”.

 

Бланкі паручальніцтваў на кожнага з арыштаваных ужо сёння можна атрымаць на ўправе партыі. І, кажа Янукевіч, нельга падпісацца агулам за ўсіх — толькі паасобку за кожнага.

Паводле словаў Янукевіча, у партыі перакананыя, што такіх подпісаў яны збяруць шмат за кароткі час.

Аляксей Янукевіч: “Мы перакананыя, што за кароткі час у нас будзе шмат гэтых паручальніцтваў. Мы не будзем ужо сёння іх несці, але я перакананы, што зробім гэта цягам тыдня, праз 10 дзён. Як мінімум калі два чалавекі падпісалі за адну асобу — ужо можна несці гэта ў пракуратуру”.

 

Вось толькі такая салідарнасць прадугледжвае і адказнасць таго, хто падпісаў хадайніцтва. Калі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе пачне хавацца ад следства, не з’явіцца на допыт, з’едзе з краіны альбо здзейсніць чарговае парушэнне закона, рублём пакараюць тых, хто за яго хадайнічаў.

Аляксей Янукевіч: “Адказнасць — гэта пакаранне ў выглядзе штрафу. У тым выпадку, калі асоба, за якую было ўнесена хадайніцтва, будзе рабіць супрацьпраўныя дзеянні і не будзе з’яўляцца ў органы следства. І штраф — да 500 базавых адзінак”.

А гэта на сённяшні дзень — 17,5 мільёнаў рублёў альбо амаль 6 тысяч долараў. Толькі ў Партыі БНФ перакананыя, што не толькі людзі не спалохаюцца такой адказнасці, але і вызваленыя такім чынам палітыкі не будуць “падстаўляць” сваіх паручальнікаў.

А намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў звярнуў увагу на тое, што падпісанне такога хадайніцтва — гэта больш моцная акцыя салідарнасці з вязнямі персанальна для кожнага падпісанта, чым, да прыкладу, безыменная перадача грошай.