Памер кампенсацыі студэнтам за жыллё вырас у 11 разоў
Каб атрымаць гэтыя 105 тысяч рублёў бацькі студэнта мусяць зарабляць не больш за 2 мільёны кожны. Пры сярэднім заробку ў краіне 2,2 мільёна.
“У нас 22 чалавекі ў групе, недзе сем з іх – мінчане, астатнія – іншагароднія. Але інтэрнат далі толькі дваім, у нас з гэтым праблемы”, - кажа студэнтка БДУ Марыля Іокша. Дзяўчына месца ў інтэрнаце не атрымала, таму цяпер здымае пакой. Штомесяц аддае 450 тысяч рублёў.
Савет Міністраў вырашыў штомесяц кампенсаваць студэнтам арэнду жылля, калі ім не хапіла месца ў інтэрнаце. Па 105 тысяч тым, хто вучыцца на бюджэце. Атрымліваецца, студэнтам падкінулі 12 долараў, каб зняць кватэру.
Каб раней кампенсавалі гэтыя грошы, Марыля прыгадаць не можа.
“Нікому не плацяць ніякай кампенсацыі. У мяне шмат сяброў з іншых факультэтаў, нікому нічога не плацяць”.
Але, як даведалася Еўрарадыё, летась кампенсацыя таксама была 25% ад базавай велічыні. Гэта каля 9 тысяч рублёў. Сапраўды, такую суму можна і не заўважыць на стыпендыяльнай картцы. Цяпер сума кампенсацыі вырасла ў 11 (!) разоў.
“Жыллё за 105 тысяч!? Не, гэта выключана”, - здзіўляецца супрацоўнік агенцтва нерухомасці “Еўропа”.
Сярэднія кошты на пакой у агенцтве называюць такія: 500-700 тысяч. То бок студэнтам кампенсуюць толькі пятую частку аплаты за жыллё. Кватэры даражэй – мінімум 150 долараў за месяц. Калі скласці стыпендыю і кампенсацыю, на пакой як раз хопіць. А вось на ежу ўжо не.
Але і кампенсацыю ў 105 тысяч атрымаць не проста. Трэба, каб сярэдні даход у сям’і студэнта быў не большы за два пражытковыя мінімумы. Цяпер гэта крыху больш за 1 мільён. Значыць, калі бацькі зарабляюць па два мільёны, кампенсацыі студэнту ўжо не ўбачыць - зашмат.
Як даведалася Еўрарадыё, у БДУ ў інтэрнат засялілі палову з тых, каму патрэбнае жыллё. Чвэрць гэтых “шчасліўчыкаў” – замежныя студэнты. Пытаемся ў студгарадку БДУ, каму з замежнікаў даюць месца ў інтэрнаце?
“Першы і другі курс – усім. Старшыя курсы – у залежнасці да паспяховасці. А беларусы з першага курса – у залежнасці ад паспяховасці”. Такім чынам, замежніку трапіць у інтэрнат прасцей, чым беларусу.
З 1 лістапада за пакой у інтэрнаце трэба плаціць ад 35 да 105 тысяч. Самы дарагі – нумар, дзе ёсць санвузел і кухня. А плата за яго ў месяц роўная кампенсацыі за здымнае жыллё – 105 тысяч.
Фота: abiturient.msfu.ru