Палякі ў Беларусь інвестуюць, але нічога не хочуць тут прыватызаваць
“Вы ведалі пра закон, які дазваляе цягам 10 гадоў забраць прыватызаванае прадпрыемства?”
За 9 месяцаў таваразварот паміж Беларуссю і Польшчай зменшыўся на 10% у параўнанні з годам мінулым. Кіраўнік аддзела садзейнічання гандлю і інвестыцыям амбасады Польшчы Веслаў Пакладэк звяртае ўвагу на тое, што экспарт беларускіх тавараў у Польшчу зменшыўся адразу на 16%.
Тлумачыцца гэта, на думку Пакладэка, рознымі адміністрацыйнымі перашкодамі з беларускага боку.
Веслаў Пакладэк: “Немагчымасць перадаплаты на імпарт — да гэтага часу гэта не можа рабіць шараговы бізнесмен з Беларусі. Ёсць такае абмежаванне, як высокая працэнтная стаўка. Большасць жа працуе на зваротным крэдыце”.

А яшчэ адбіваецца на гандлі беларуская праграма па імпартазамяшчэнні. Якую палякі ў прынцыпе разумеюць, але толькі ў тым выпадку, калі “імпартазамяшчальныя” беларускія тавары лепшыя па якасці і кошце за замежныя. На думку спадара Пакладэка, палітычная сітуацыя ў нашай краіне і непаразуменні паміж кіраўніцтвам Польшчы і Беларусі не вінаватыя. Пра гэта сведчаць і польскія інвестыцыі. За 9 месяцаў гэтага года палякі інвеставалі ў нашу краіну амаль удвая (!) больш, чым у годзе 2011. Хоць, прызнаецца супрацоўнік польскай амбасады, патэнцыйных інвестараў насцярожвае палітычныя сітуацыя.
На пытанне галоўнага рэдактара “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча, чаму палякі не спяшаюцца ўкладацца ў беларускі медыя-рынак, Пакладэк усміхаецца.
Веслаў Пакладэк: “Нашы (медыі. — Еўрарадыё) не прызвычаіліся працаваць у такіх умовах, як вы маеце. Альбо — ужо забыліся, як гэта было!”
Найгоршая сітуацыя — ва ўдзеле польскага бізнесу ў беларускай прыватызацыі. Магчымасцю набыць нейкае прадпрыемства палякі зацікаўленыя, але…
Веслаў Пакладэк: “Хто з вас ведае, што ёсць такі закон у Беларусі, які дае магчымасць пераглядзець здзелку прыватызацыі цягам 10 гадоў? Хто з вас ведаў пра гэта?”
Журналісты здзіўлена пераглядаюцца, і ў выніку адказ агучвае эканамічны аглядальнік выдання “Беларусы і рынак” Таццяна Манёнак: “Не ведалі!”

Веслаў Пакладэк: “Поспехаў! Прыходзіць сёння інвестар — без розніцы, з якой краіны, а праз 5 гадоў яму кажуць: “На жаль, вашу здзелку лічым несапраўднай!” І што тады рабіць? А вы ўжо ўклалі туды 5 мільёнаў!”

Тым не менш, упэўнены Веслаў Пакладэк, вялікія перспектывы росту ёсць там, дзе палітыка мала ўплывае, — у гандлі паміж краінамі.
Дарэчы, найбольш сёння з Польшчы вязуць мяса і яблыкі, а туды прадаюць нафтапрадукты, газ ды калійныя ўгнаенні.
Фота: Змітра Лукашука