Палова інстытутаў Акадэміі Навук займаецца сельскай гаспадаркай
Навукоўцам скарачаюць выдаткі на даследаванні, а іх заробкі пачынаюцца ад мільёна рублёў.
У беларускай Акадэміі Навук больш за 64 навуковыя інстытуты і цэнтры. Амаль палова з іх – 27 – займаюцца сельскай гаспадаркай.
“Краіна ўжо прывыкла да пэўнага ўзроўню коштаў на гэтыя працы. І тут ўзнікае праблема, як зрабіць больш таннымі гэтыя працы. Не зменшыўшы надзейнасці і даўгавечнасці. Вось гэтым мы, ўласна кажучы, і займаемся”, -- расказваюць Еўрарадыё ў Інстытуце меліярацыі.
Там аддана працуюць над рэалізацыяй прэзідэнцкай праграмы па асушэнню балотаў. У інстытуце наракаюць на адсутнасць маладых спецыялістаў. Прычына простая – сярэдні заробак мільён з хвосцікам. Таму большасць з 200 супрацоўнікаў – старая гвардыя.
Зусім іначай у Інстытуце садавінаводства. Там гавораць, што больш за палова супрацоўнікаў яшчэ не мае і 40 гадоў.
“У нас 192 чалавекі. 58 навуковых супрацоўнікаў, 4 доктары і 21 кандыдат. Да 40 гадоў – 56%. Толькі ў мінулым годзе на працу прынялі трох выпускнікоў”.
Заробкі ў Інстытуце таксама не самыя шыкоўныя. Прываблівае магчымасць навучацца ў аспірантуры і магістратуры. А таксама актыўная дзейнасць. За мінулы год Інстытут вывеў тры новыя сарты яблыкаў. Садавіну, якую вырошчваюць на сваіх базах, супрацоўнікі інстытута прадаюць. Напрыклад, Сувораўская вучэльня Мінска есць яблыкі, вырашчаныя менавіта ў Інстытуце садавінаводства.
Займаюцца там і больш экзатычнымі справамі – вырошчваннем пчол.
“Акрамя гэтага ў нас адзіная ў краіне лабараторыя пчолагадоўлі. Бо для пладовых культур вельмі важнае апыленне. А апыляюцца пчоламі. Таму мы імі займаемся. Тут вось працуем над тэхналогіяй апладатварэння пчолаў, пераходзім на новыя вуллі. І лінія пчол у нас свая”.
У Інстытуце эксперыментальнай батанікі не ўсе ведаюць, чым эксперыментальная батаніка адрозніваецца ад звычайнай. 130 чалавек займаюцца там картаграфіяй раслін, іх экалогіяй і сістэматызацыяй. А таксама абаронай ад шкоднікаў. Менавіта гэтаму прысвечаныя некаторыя навуковыя працы.
“У асноўным, гэта тычыла распрацоўкі спосабаў апрацоўкі насення фунгіцыруючымі плёнкамі. Сумесна з рэгулятарамі росту, напрыклад. У апошні час гэта былі такія працы, прысвечаныя менавіта гэтаму”.
Працуюць і над новымі угнаеннямі і сродкамі абароны раслін. З заробкамі ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі значна лепш, чым у Інстытуце меліярацыі. У сярэднім, там атрымоўваюць 2 мільёны 300 тысяч.
Ва ўсіх Інстытутах, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, скардзіліся на скарачэнне фінансавання. Маўляў, крызіс закрануў не толькі кашалькі звычайных беларусаў, але і беларускую навуку.
“Акрамя гэтага ў нас адзіная ў краіне лабараторыя пчолагадоўлі. Бо для пладовых культур вельмі важнае апыленне. А апыляюцца пчоламі. Таму мы імі займаемся. Тут вось працуем над тэхналогіяй апладатварэння пчолаў, пераходзім на новыя вуллі. І лінія пчол у нас свая”.