За тры месяцы пяцёра актывістаў МФ агулам правялі на Акрэсціна 192 дні

“Гэта сведчыць пра тое, што улады не хочуць вялікіх скандалаў праз завядзенне крымінальных спраў. Бо разумеюць, што крымінальная справа – гэта шум, інфармацыйная нагода. І таму знайшлі такі сродак для ўплыву і ціску на моладзь, як адміністратыўныя арышты”, -- расказвае намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка пра бясконцыя адміністратыўныя арышты калег па арганізацыі.

 120524 Pilecki MF.mp3

Еўрарадыё падлічыла, што за гэтую вясну пяцёра маладафронтаўцаў атрымалі агулам больш за 190 сутак арышту. Лідар па сутках - Міхаіл Мускі. 7 сакавіка хлопцу даюць 15 сутак за акцыю ля МЗС пасля высылкі паслоў ЕС і Польшчы. У красавіку Мускага арыштоўваюць двойчы. Ён сядзіць на Акрэсціна 25 сутак пасля затрыманняў у метро і на Чарнобыльскім шляху. Яшчэ 5 сутак Мускаму даюць у траўні, затрымаўшы проста ў горадзе. Пасля гэтай адседкі хлопца адразу адвозяць служыць у войска.

На другім месцы Зміцер Крамянецкі і Раман Васільеў. Абодва за няпоўныя тры вясеннія месяцы правялі за кратамі па 42 дні. Па 15 сутак яны атрымалі за несанкцыянаваную акцыю ля МЗС. Рэшту – стандартна, за лаянку.

У намесніка старшыні “Маладога фронту” Міколы Дземідзенкі “усяго” 35 сутак за хуліганства і лаянку. Пасля апошняга затрымання Дземідзенка трапляе ў шпіталь.

Ва Уладзіміра Яроменка пакуль 29 сутак. Аднак пасля апошняй адседкі яго не выпусцілі. На момант падрыхтоўкі рэпартажу хлопец зноў знаходзіўся на лаве падсудных па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.

Гэта пры тым, што “Малады фронт” нічым страшным, акрамя вывешвання сцягоў і хвіліннай акцыі ля МЗС, не вызначыўся.

Палажанка кажа, што да адміністрацыйных арыштаў усе настолькі прывыклі, што нават апазіцыянеры ўжо не цікавяцца, як справы ў арыштаваных маладафронтаўцаў.

“Ніводзін з палітычных лідараў, апроч Паўла Севярынца, не патэлефанаваў мне і не запытаўся, як у хлопцаў справы, што патрэбна, якая дапамога. Ніякай асаблівай падтрымкі няма. І гэта сумна”.

За маладафронтаўцамі з вялікім адрывам ідзе лідар някляеўскай “Zмены” Павел Вінаградаў. Ён адседзеў “толькі” 22 дні. Наста Палажанка лічыць, што улады праз адміністрацыйныя арышты ціснуць менавіта на яе арганізацыю.

Самае дзіўнае тое, што нягледзячы на працяглыя адседкі, стаць палітвязнямі ў актывістаў “Маладога фронту” шансаў мала. Праваабаронца цэнтра “Вясна” Таццяна Равяка расказвае Еўрарадыё, што адміністратыўныя арышты “цягнуць” толькі на палітычны пераслед.

“Магчыма прызнаць палітычны пераслед. А палітвязні – гэта крыху іншае. Гэта людзі, якія на дастаткова вялікія тэрміны змешчаныя. Адносна іх вядуцца кампаніі па вызваленні”.

І Наста Палажанка, і Таццяна Равяка ўпэўненыя, што варта пачынаць кампанію супраць пераследу актывістаў “Маладога фронту”. Аднак якой яна павінна быць, і хто гатовы ўзяць у ёй удзел – пакуль дакладна сказаць немагчыма.

“Ніводзін з палітычных лідараў, апроч Паўла Севярынца, не патэлефанаваў мне і не запытаўся, як у хлопцаў справы, што патрэбна, якая дапамога. Ніякай асаблівай падтрымкі няма. І гэта сумна”.