Новае абвінавачанне Бяляцкага адрозніваецца ад старога… адной фразай
Каб яе дапісаць, пракурору спатрэбілася шэсць дзён.
Паседжанне па справе Алеся Бяляцкага 16 лістапада пачалося… з перапынку. Пракурор, які шэсць дзён фармуляваў новае абвінавачанне, нечакана папрасіў даць яму яшчэ 20 хвілін для таго, каб “зрабіць новае абвінавачанне больш зразумелым для абароны”. А калі вярнуўся і зачытаў яго, ні адвакат, ні праваабаронцы не зразумелі, у чым кардынальнасць зменаў.
“Яны разглядаюць гэтыя грошы як прыбытак. Там асноўная фраза — “паводле папярэдняй дамоўленасці ў выкананні атрыманых абавязальніцтваў”. Гэта значыць донары, якія далі яму гэтыя грашовыя сродкі, далі яму нейкае заданне, якое ён выканаў і атрымаў прыбытак. Гэта блізка з выкананнем дамовы на выкананне нейкіх паслуг”, — спрабуе тлумачыць праваабаронца Уладзімір Лабковіч.
“Перакваліфікацыя” абвінавачвання незразумелая не толькі яму. Паплечнік Лабковіча па “Вясне” Валянцін Стэфановіч таксама знаходзіць адрозненні толькі ў адным сказе. Ён кажа, што і сума нанесенай шкоды, і артыкул у новым абвінавачанні засталіся старымі.
“Толькі гэтая фраза дадалася. Сутнасць засталася без зменаў. І кваліфікацыя дзеянняў Бяляцкага засталася без зменаў. Яму, як і раней, інкрымінуецца той жа самы артыкул; сума шкоды, нанесенай злачынствам дзяржаве, засталася нязменнай. Фактычна ўсё тое самае. Я не ведаю, навошта было шэсць дзён браць”.
Стэфановіч кажа, што ўнесеныя пракурорам змены сталі вынікам папярэдняга паседжання. Яно было амаль цалкам прысвечанае працы праваабарончага цэнтра “Вясна” і пераканала ўсіх, што Бяляцкага паспрабуюць абвінаваціць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
“Я думаю, што гэта вынік ходу папярэдняга працэсу, таму што Бяляцкі ўвесь час казаў, што выконваў абавязальніцтвы, узятыя ім перад донарамі, і згодна з гэтымі абавязальніцтвамі перадаваў грошы трэцім асобам”.
Аднак усе чакалі, што пракуратура паспрабуе абвінаваціць Алеся Бяляцкага ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай “Вясны”. Валянцін Стэфановіч мяркуе, што гэта сведчыць аб выбарачнасці дзеяння беларускага заканадаўства.
“У прынцыпе, мы не адмаўляемся і зараз, і раней ад таго, што мы дзейнічаем ад імя праваабарончага цэнтру “Вясна”. Тое, што яны не прад’яўляюць гэтае абвінавачанне, яшчэ раз паказвае, наколькі ў нас закон працуе выбарачна. То бок артыкул ёсць, але ён не прымяняецца чамусьці. Ну, я думаю, што ўлады, магчыма, не хочуць ствараць такіх моцных скандалаў і цалкам “Вясну” садзіць за краты. Ім, мабыць, хапае аднаго Бяляцкага”.
Нягледзячы на касметычнасць зменаў у абвінавачанні, адвакат Алеся Бяляцкага папрасіў перапынак да 22 лістапада. Абарона будзе разбірацца ў загадкавай фразе пракурора аб “папярэдняй дамоўленасці ў выкананні атрыманых абавязальніцтваў” пяць дзён.