Навагоднія прэміі давалі ў прэзідэнцкай адміністрацыі і не далі дэпутатам
Еўрарадыё даведалася, як дзяржава аддзячыла чыноўнікам за плённую працу цягам года.
Неабходнасць “жыць па сродках”, пра што апошнім часам часта кажа кіраўнік краіны, прывяла да таго, што сёлета беларускія чыноўнікі не тое што 13-га заробку — пераднавагоднюю прэмію не ўсе атрымалі!
Дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Маёрава гэтае пытанне нават крыху павесяліла.
Уладзімір Маёраў: “Пра што вы кажыце! Мы — дзяржслужба, у нас цвёрдыя заробкі. У нас усё дакладна, цвёрда, як належыць дзяржслужбе”.
Еўрарадыё: “І што, да Новага года нават ніякай прэміі не далі?!”
Уладзімір Маёраў: “А ў нас... дастаткова таго, што ёсць!”
Не бачыў нічога, апроч звычайнага заробку, галоўны дарадца аднаго з упраўленняў Савета міністраў: “Наконт усіх супрацоўнікаў не ведаю, але я не атрымліваў!”
Тыя ж самыя словы Еўрарадыё пачула і ад кіраўніка прэс-службы Міністэрства фінансаў Ірыны Комар, і ад супрацоўніцы Міністэрства адукацыі.
Затое па прызнанні начальніка прэс-службы Міністэрства эканомікі Наталлі Пацэйкі, ўсе супрацоўнікі іх ведамства атрымалі да навагодніх святаў прэмію.
Аднолькавую для ўсіх — ад сакратаркі да міністра: “У нас няма такога паняцця ў Мінэканомікі — 13-ы заробак. А вось прэмія была. Але гэта была проста прэмія да Новага года. Як падарунак навагодні — прэмія і ўсё. Усім пароўну: міністр ты ці не міністр, сакратар ці не сакратар — усіх вось так падтрымалі крыху, і ўсё. Але гэта не аклад, нічога, а так..."
У якіх дакладна лічбах выявілася гэтая невялікая падтрымка, супрацоўніца міністэрства казаць не захацела. Але на спробы Еўрарадыё “намацаць” прыблізныя лічбы раскрыла таямніцу — прэмія была побач з лічбай у 500 тысяч рублёў.
Не засталіся без прэміі і супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта. Праўда, назваць памер намеснік кіраўніка гэтай установы Андрэй Тур не здолеў.
Андрэй Тур: “Прэміі ў нас былі, гэта я ведаю — прэміі былі. Але ўсе гэтыя 13-я заробкі, яны, часцей за ўсё, уваходзяць у выплаты па выніках года. Іх складана падзяліць. Вось, ты атрымліваеш заробак па выніках года — там ёсць нейкія прэміі, там ёсць нейкія пытанні, звязаныя з заахвочваннем ці прэміраваннем супрацоўнікаў”.
Кіраўнік краіны паабяцаў, што 2012-ы будзе годам яшчэ большай эканоміі па ўсіх накірунках. Цягам года Еўрарадыё будзе сачыць, як гэта адаб’ецца на заробках і прэміях чыноўнікаў.