Настаўнікаў прымушаюць заплаціць за іх удзел у суботніку

120504 Luka6uk Magilev.mp3

У Магілёве чыноўнікі палічылі, што настаўнікі мясцовых школ зарабілі недастаткова грошай падчас рэспубліканскага суботніка. І “прапанавалі” тэрмінова даплаціць у мясцовы бюджэт не менш як 50% ад раней пералічанай сумы.

Ліст з такім зместам накіравала начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Ірына Новікава.

Тлумачыць Еўрарадыё прычыны з’яўлення такога патрабавання чыноўніца не захацела. Начальнік аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Яўген Дуплеўскі заявіў, што нічога пра гэты ліст не ведае.

Між тым, ён насамрэч існуе. Гэта Еўрарадыё пацвярджае дырэктар мясцовай школы . Яна ўпэўнівае, што настаўнікі з разуменнем паставіліся да гэтай “просьбы”.

Дырэктар: “На суботніку мы выконвалі працы па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі і той, якая замацаваная за намі па мікразоне. А фінансавыя сродкі, да прыкладу, не здалі — дзённы заробак не адлічвалі. Мы адлічылі проста нейкую суму. Але, відаць, быў нейкі план вялікі даведзены на раён і таму нас, настаўнікаў, закрануў гэты збор. Мы сваіх настаўнікаў зусім не пакрыўдзілі”.

Еўрарадыё: “Магчыма, заплаціце з нейкіх прафсаюзных фондаў?”

Дырэктар: “Так і ёсць, вы ўсё правільна разумееце! Перад вашым тэлефанаваннем была старшыня прафкама і сказала: “Святлана Васільеўна, пытанні знятыя”. Відавочна, што яна вырашыла гэта пытанне не ў страту людзям. Мы ж усе жывыя, з кашальком ходзім па крамах і ўсё выдатна разумеем. На жаль, і вы выдатна ўсё разумееце, мы павінны патрабаванні выконваць”.

Згодна са словамі дырэктара школы, так рабілі заўсёды — на суботнік выходзілі, працавалі, але грошы ў бюджэт не пералічвалі. Дарэчы, у адпаведнасці з Палажэннем аб правядзенні рэспубліканскага суботніка, настаўнікі і не абавязаныя гэта рабіць.

“Пры ўдзеле некамерцыйных арганізацый у рэспубліканскім суботніку на працах, падчас якіх не ствараецца дадатковая прадукцыя і не ўтвараецца прыбытак, у добраахвотным парадку паводле рашэння калектываў (!) сродкі могуць пералічвацца на адкрытыя рахункі раённым і гарадскім выканаўчым камітэтам (мясцовых адміністрацый) у памерах, вызначаных самімі калектывамі”.

Сярэднія школы — арганізацыі не толькі некамерцыйныя, але і бюджэтныя. Настаўнікі выйшлі на суботнік і зрабілі тое, што маглі, — прыбралі тэрыторыю. Але грошы з іх усё адно патрабуюць. Відаць, за тое, што ім дазволілі ўзяць удзел у суботніку?

І гэта насамрэч так, пацвердзілі Еўрарадыё ў Магілёўскім гарвыканкаме. Усё з-за таго, што зверху спускаюць план — колькі горад, раён ці вобласць мусяць “зарабіць”. Недабралі патрэбнай сумы — даплаціце з уласнай кішэні. Паводле дадзеных Еўрарадыё, сёлета даплацілі нават... чыноўнікі гарвыканкама!

Чыноўнік: “Мы як супрацоўнікі гарвыканкама дзённы заробак свой унеслі. Іншыя прадпрыемства і арганізацыі — хто колькі мог. Але ж лімітаваную суму, якая прызначаная на горад, мы павінны выканаць любым шляхам. Вось іх і збіраюць па арганізацыях. Мала таго, што мы паўдзельнічалі ў суботніку, плюс яшчэ і грашовыя сродкі”.


Калі б не гэты суботнік, свае прафкамаўскія фонды школа магла б скарыстаць на свае патрэбы. Да прыкладу, аплаціць дзецям і настаўнікам летнік ці накіраваць кагосьці з калег у санаторый.

Фота: http://charter97.org/be/news/, http://photo.bymedia.net/