На матч з Люксембургам прадалі толькі 4500 квіткоў
Беларуская федэрацыя футбола не адгукнулася на прапанову Бернда Штанге зрабіць уваход на гульню бясплатным.
На сённяшні адборачны матч чэмпіянату Еўропы паміж зборнымі Беларусі і Люксембурга на ранак 7 чэрвеня прадалі толькі 4500 квіткоў. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Беларускай федэрацыі футбола.
Прадстаўнік федэрацыі: “На сёння на ранак прадалі 4500 квіткоў. У асноўным гэта цэнтральныя сектары. Фан-сектар распрададзены на 80% — дзесьці 600 квіткоў”.
Квіткі на матч Беларусь — Люксембург каштуюць ад 3 да 30 тысяч рублёў.
Дарэчы, галоўны трэнер нашай зборнай Бернд Штанге 6 чэрвеня выказаў пажаданне, каб было дазволена заўзятарам прыходзіць на матч бясплатна. А тыя, хто ўжо набыў квіткі, каб маглі прыйсці па іх на матч з Босніяй і Герцагавінай.
Але ў федэрацыі футбола на такую прапанову трэнера зборнай не адгукнуліся. Па словах кіраўніка прэс-службы Беларускай федэрацыі футбола Андрэя Чэпы, такім чынам Штанге хацеў падтрымаць заўзятараў.
Чэпа: “Гэтым ён заклікаў аматараў запоўніць трыбуны стадыёна. Не заставацца дома каля тэлевізара, а быць з камандай. Такім своеасаблівым чынам ён прадэманстраваў сваё жаданне і веру ў аматараў і сваю каманду”.
Аднак выканаць такое пажаданне трэнера ў цяперашніх умовах немагчыма, адзначылі ў федэрацыі.
Нагадаем, матч Беларусь — Люксембург пачнецца сёння а 20-й гадзіне на мінскім стадыёне “Дынама”.