На летні “Das Fest” у Мінск прыедуць “Грыбы-забойцы”

Поп-панкі Killerpilze (“Грыбы-забойцы”) з Берліна стануць хэдлайнерамі другога фэсту нямецкамоўнай музыкі “Das Fest”. Гэта будзе іх адзіны на сёння выступ на тэрыторыі СНД у падтрымку альбома 2013 года “Grell”. Апроч іх, 24 жніўня на сцэну сталічнага парка Dreamland уздымецца ўжо вядомы беларускай публіцы спявак Марцін Кілгер і іншыя нямецкія музыкі.

“Пасля папярэдняга фестывалю [ён прайшоў у клубе Re:Public у лістападзе. — Заўв. Еўрарадыё], усё ж хочацца зрабіць менавіта оўпэн-эйр, — дзеліцца планамі арганізатарка фэсту Любоў Смірнова. — У мінулым годзе гэта было піва, вяселле, нязмушаная атмасфера рамантыкі і пазітыва. І хочацца, усё-такі перанесці гэта на свежае паветра і зрабіць нешта больш правільнае і маштабнае”.

Па словах Любові, як і ў мінулы раз Марцін Кілгер вязе з сабой свой бэнд, аднак частку сваёй праграмы ён выканае з беларускім струнным квартэтам. Да таго ж, апроч нямецкіх музыкаў у фэсце возьмуць удзел і беларускія гурты: хто менавіта — арганізатары вызначаць у бліжэйшы час.

Па добрай традыцыі, на фэсце будзе прадавацца нямецкае піва. Таксама будуць арганізаваныя кальян- і чылаўт-зоны. Асабліва адданыя фанаты нямецкіх гуртоў ужо ладзяць аўтобусныя туры на фэст з Расіі і Украіны. У іх будзе магчымасць патрапіць на сустрэчу з артыстамі ў фармаце meeting greet.

Квіткі на “Das Fest” паступяць у продаж праз тыдзень. Кошт — 150 тысяч, у фан-зону — 250 тысяч. Для груп арганізатары робяць зніжкі.

Фота: www.pottmob.de