На ёгурты і алкаголь – самыя вялікія нацэнкі
У Магілёве збіраюцца знізіць гандлёвую надбаўку на таннае віно з 30% да 2%.
“Колькі я сябе памятаю, заўсёды продажы спіртнога, кандытарскіх (вырабаў), тытунёвых прыносіла асноўны прыбытак прадпрыемству гандлю. Калі абласное упраўленне гандлю думае, што яны так… То я не ведаю. Для прадпрыемства гандлю будзе зусім складана выжыць”, -- каментуе сітуацыю для Еўрарадыё кіраўнік аддзела маркетынгу Бабруйскага завода пладова-ягадных він Юрый Каганец.
На прадпрыемстве здавацца не збіраюцца. У выпадку, калі пастанова пра 2% ўсё ж будзе прынятая і крамы адмовяцца гандляваць танным віном, бабруйскі вытворца працягне рэалізоўваць прадукцыю… праз свае ўласныя кропкі.
“Свае ёсць чатыры прадпрыемствы. У нашых крамах мы прадаём, напэўна, працэнтаў 20 ад усяго віна, якое рэалізоўваецца па горадзе. Будзем бачыць, як яно пойдзе”.
Дарэчы, гандлёвыя нацэнкі на прадукты – таямніца за сямю пячаткамі. Пасля таго, як урад дазволіў крамам фарміраваць нацэнкі самастойна, гандляры хаваюцца за камерцыйнай таямніцай і адмаўляюцца іх публікаваць.
“На ўсе тавары, на якія няма абмежаванняў, кампаніі фарміруюць нацэнкі без прадастаўлення інфармацыі трэцім асобам. Гэта дамоўленасць паміж кампаніямі і пастаўшчыкамі. Гэта наша камерцыйная таямніца”, -- расказваюць у аддзеле маркетынгу адной з буйных гандлёвых сетак Мінска.
У магілёўскай “Бакалеі” расказваюць, што на ёгурты і алкаголь – самыя вялікія нацэнкі!
“На розныя прадукты – розныя гандлёвыя надбаўкі. На хлеб – 15%, на малако 11%, а на ёгурты 30%. На алкаголь 30% надбаўкі… Гэта заўсёды так было. Гэта эканамісты пралічваюць, як гэта правільна робіцца”.
Дарэчы, зараз гандлёвая надбаўка на мясцовае таннае віно складае 30%. Навіну аб тым, што яна можа знізіцца ў пятнаццаць разоў, у “Бакалеі” ўспрымаюць без энтузіязму.
“Ну ўявіце – 30% і 2%. Як гэта можа быць выгадна. Я лічу, што не”.
Пакуль жа на Магілёўшчыне з пладова-ягаднымі вінамі змагаюцца іншымі метадамі. Іх продаж забаронены з 10 да 12-ці гадзінаў, а таксама з 14 да 18-ці. То бок віно можна набыць у абед і пасля працы