Мытнікі: 400 адмоваў ад хабару за год! У нас грошай няма на прэміраванне
Да адмовы ад хабару заахвочваюць толькі мытнікаў. Відаць, таму што больш нікому хабар... не прапаноўваюць.
Ад 50 тысяч долараў хабару адмовіўся супрацоўнік Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці. У інтэрв’ю з героем Еўрарадыё адмаўляюць: маўляў, спецыфіка працы не прадугледжвае публічнасці. А на пытанне, што яго прымусіла так зрабіць, прэс-сакратар Упраўлення Таццяна Шаўцова коратка адказвае: прысяга. Ці заахвоцілі неяк прынцыповага супрацоўніка, не вядома.
Ці часта чыноўнікам ды службоўцам іншых ведамстваў прапануюць хабар і ці выгадна ад яго адмаўляцца?
У аддзеле прапаганды і інфармацыі Упраўлення ДАІ па Магілёўскай вобласці Еўрарадыё ўпэўніваюць, што ніколі не чулі, каб іх супрацоўнікам прапаноўвалі хабар.
ДАІ: “Не ведаю фактаў такога кшталту. Я не сутыкалася з такімі выпадкамі”.
І ніколі даішнікам кіраўніцтва не абяцала ніякіх заахвочванняў за адмову ад хабару.
Еўрарадыё: “Можа было такое, што кіраўніцтва на планёрцы звярталася да падначаленых: “Хлопцы, таму, хто адмовіцца ад хабару...”
ДАІ: “... таму медаль з закруткай на спіне! Я з такім не сутыкалася, у нас такое на нарадах не агучваюць. Наконт таго, што калі нехта адмовіцца ад нечага, то яго чакае ўзнагароджанне — не, такога ў нас няма”.
Пытанне Еўрарадыё, ці даюць чыноўнікам хабар, здзіўляе супрацоўніцу упраўлення ідэалагічнай працы Магілёўскага аблвыканкама. Паводле яе слоў, калі такое было, то ніхто нікому пра такі выпадак расказваць не будзе. Нават калі гэта — адмова ад хабару!
Магілёўскі аблвыканкам: “Гэта, хутчэй, будзе ведаць губернатар і набліжаныя да яго людзі. Наўрад ці гэта будзе ведаць увесь аблвыканкам — што гэтаму чыноўніку давалі хабар, а ён адмовіўся. Наўрад ці...”
Прэс-сакратар магілёўскага губернатара Уладзімір Грыбанаў упэўнівае: ніколі не чуў пра такія выпадкі. Прэміраванне “адмоўніку” ад хабару не свеціць.
Уладзімір Грыбанаў: “Наконт заахвочвання сказаць не магу, бо такога няма. Адзінае — мы ўсе падпісваемся пад паперай пра тое, што папярэджаныя наконт карупцыйнай адказнасці і абавязваемся выконваць закон”.
Не памятаюць ніводнага выпадку, калі хабар давалі суддзі, і ў Магілёўскім абласным судзе.
Тое, што хабар даюць, шчыра пацвярджаюць толькі мытнікі. Паводле супрацоўніка Службы ўласнай бяспекі Мытнага камітэта, у 2011 годзе вядома пра 424 спробы даць мытніку хабар, а за 4 месяцы гэтага года — 149 спроб. За адмову ад хабару мытнікаў “заахвочваюць”. Праўда, не заўсёды грашыма і не ў памеры прапанаванага хабару.
Мытны камітэт: “Калі чалавек не ўзяў 5 тысяч долараў, то, напэўна, яму заахвочванне будзе грунтоўнае, а калі 5 долараў, то нейкае іншае. Супрацоўнікі заахвочваюцца рознымі сродкамі, альбо гэта ўлічваецца пры падвядзенні вынікаў за квартал. Вы ж разумееце, што калі гэта 400 фактаў за год, то ў нас грошай няма на прэміраванне! Калі б хабарнікі нам грошы пакідалі і мы іх выдавалі ў якасці прэміі!”
Як даведалася Еўрарадыё, калі б мытніку, як у выпадку з супрацоўнікам КДБ, прапанавалі 50 тысяч долараў хабару і ён адмовіўся, то атрымаў бы знак “За выдатнасць”.
Фота: Мradioantena.si