“Міс Беларусь-2010”: Выйсці замуж, парушыўшы кантракт? Лёгка!
Людміла Якімовіч атрымала прапанову выйсці замуж за некалькі месяцаў да заканчэння кантракту, які забараняе галоўнай прыгажуні краіны заводзіць сям’ю.
Хто не гатовы пасля магчымай перамогі на два гады адмовіцца ад стварэння сям’і — адразу збірайце чамадан. Гэта былі першыя словы, якімі сустрэлі прадстаўнікі канала АНТ канкурсантак, прыгадвае “Міс Беларусь-2008” Вольга Хіжынкова.
Вольга Хіжынкова: “Калі мы прыехалі на першыя кастынгі ў Мінск, усіх паставілі перад фактам. Сказалі: “Дзяўчаты, магчыма, нехта збіраецца ў бліжэйшы час выходзіць замуж. Але калі так складзецца, што вы пераможаце, то ведайце, што замуж мы вас не пусцім. Выбачайце! Але калі вельмі хочацца, то збірайце чамаданы і з’язджайце да сваіх каханых”.

Ад магчымасці стаць каралевай прыгажосці не адмовіўся ніхто. Тым больш, працягвае гутарку “Міс Беларусь-2010” Людміла Якімовіч, гэта добрая магчымасць праверыць пачуцці.
Людміла Якімовіч: “Калі сапраўднае каханне, то два гады — не перашкода. Да таго ж, калі да гэтага не зрабіў прапанову і нешта падштурхнула дзяўчыну пайсці на конкурс, а не пайсці замуж, тым больш гэта не перашкода”.
Асобным пунктам у кантракце прапісана забарона цягам двух гадоў заводзіць дзяцей. "Міс Беларусь-2010" не бачыць у гэтым нічога страшнага: пусціў каханы дзяўчыну на конкурс — павінен змірыцца.
Людміла Якімовіч: “Калі дзяўчына пайшла на конкурс, значыцца нейкая дамоўленасць была, што гэта не зараз. Я, безумоўна, не прапагандую адносіны пазашлюбныя, але ж неяк...”
І хваліцца: прапанову пабрацца шлюбам атрымала! За некалькі месяцаў да заканчэння двухгадовага абмежавання. А як мінулую пятніцу перадала карону Юлі Скалковіч, дык гатовая ў ЗАГС ісці хоць заўтра! Праўда, дадае па сакрэце, калі б каханы рашыўся раней — магчыма, і не чакала б заканчэння кантракту. Маўляў, “не расстралялі б”.
Паводле слоў Вольгі Хіжынковай, складаней з атачэннем, бо ўвесь час нагадваюць дзяўчыне, што ў “дзеўках заседзелася” і “час унукаў бацькам падарыць”.
Вольга Хіжынкова: “Я разумею, што гэта робіцца з меркаванняў самых лепшых, але спрабую супакоіць людзей, што хвалявацца за мяне не варта”.
Не толькі асабістае жыццё абмяжоўвае кантракт. Любую прапанову наконт працы “Міс Беларусь” павінна... узгадніць з кіраўніцтвам канала. У Вольгі Хіжынковай з гэтай нагоды канфліктаў з АНТ не ўзнікала.
Вольга Хіжынкова: “Я ведала, дзе б мне забаранілі, сама б у такім не пагадзілася здымацца. Да прыкладу, на здымкі рэкламы ніжняй бялізны ці паказ яе. У такіх здымках і паказах дзяўчына не павінна ўдзельнічаць пасля таго, як ёй на галаву надзелі карону!”
Людміла Якімовіч упэўнівае, што асаблівых перашкод ад кіраўніцтва тэлеканала не было, і прызнаецца: паступалі “непрыстойныя” прапановы ад... лікёра-гарэлачнага завода!
Людміла Якімовіч: “Ого, Вольга выказалася! Я супрацоўнічаю з кампаніяй “Мілавіца”! Калі фігура прыгожая, калі бялізна ўсё ж прыкрывае пэўныя часткі цела, то чаму б і не?! Мне вось прапанавалі “дарадцам дырэктара лікёра-гарэлачнага завода”. Уяўляеце: “Міс Беларусь” і лікёра-гарэлачны завод!”

Згодна са словамі дзяўчат, кантракт з АНТ хоць і накладаў абмежаванні на асабістае жыццё, але і даваў магчымасць зарабіць.
Вольга Хіжынкова: “Тэлеканал выплачваў ганарар, які дазваляў забяспечваць маё існаванне на той момант. Плюс — нейкая праца, якую прапаноўвалі. Мне хапала!”
З АНТ яна развіталася ўжо некалькі гадоў таму і зараз працуе піяршчыкам на прыватнай фірме. Пры гэтым працягвае ўдзельнічаць у паказах і здымках.
А Людміла Якімовіч рыхтуе... першы альбом ў стылі электрапоп. Выхад прызначаны на ліпень.
Ну, а то, што ніякія штрафныя санкцыі за парушэнне “сямейных” артыкулаў кантракта прыгажунь не прадугледжаныя, пацвярджае Еўрарадыё і прэс-сакратар тэлеканала Таццяна Курбат. Нават выплачаны 50-мільённы ганарар не забіраюць. Адзінае, калі трэба ехаць на “Міс свету”, то замест каралевы тады едзе яе намесніца — “Першая віцэ-міс”. З якой таксама падпісваецца адпаведны двухгадовы кантракт.
Фота: velvet.by, gazetaby.com, grodnonews.by