Мінсельгасхарч: Жыхары М’янмы пыталіся, што такое хлеб і ці можна яго есці

“На вялікую краіну, там практычна 50 мільёнаў насельніцтва, у іх, можна сказаць, натуральная гаспадарка. Палова – пашы на валах апрацоўвае, палову, хто пабагацей, – матаблокі набываюць маленькія”, – расказвае супрацоўнік Упраўлення знешнеэканамічных сувязей Міністэрства сельскай гаспадаркі Уладзімір Нявесценка пра ўражанні беларускай дэлегацыі ад нядаўняга візіту ў М’янму.

111212 Pilecki Exotik.mp3

Беларускія чыноўнікі на чале з прэм’ерам Мясніковічам ездзілі ў Паўднёва-усходнюю Азію падпісваць новыя дамовы. Аказваецца, там нават не ўсе ведаюць, што такое хлеб і тварог.

“Тыя, хто быў, вучыўся ў свой час у Савецкім Саюзе, яны ведаюць, што такое хлеб, тварог, смятана. А мясцовыя, вось, пыталіся – а што гэта такое, а ці можна гэта есці”.

У такой сітуацыі Беларусь разлічвае толькі на навучанне студэнтаў з гэтай краіны. Зарабіць на іншым супрацоўніцтве з М’янмай проста немагчыма.

“Размова ішла аб тым, што урад М’янмы, напрыклад, штогод накіроўвае студэнтаў за мяжу вучыцца. Сваіх універсітэтаў няма. Альбо слабая матэрыяльна-тэхнічная база. Каб хутчэй навучаць народ, яны за кошт бюджэтных сродкаў аплачваюць іх навучанне. Гэта папаўненне нашага бюджэту. ВНУ, дзяржавы”.

Але спачатку беларускі бок плануе запрасіць выкладчыкаў навучальных установаў М’янмы, каб яны ацанілі нашы сельскагаспадарчыя ВНУ. Калі спадабаецца, можна разлічваць і на студэнтаў.

Трошкі лепшыя вынікі супрацоўніцтва з В’етнамам. З ім Беларусь нечым нават гандлюе. Хоць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і прызнаюць, што ў апошнія гады адносіны сапсаваліся.

“Адтуль да нас морапрадукты прыходзяць. І гарбата, кава, спецыі. Вось гэта ад іх ідзе. А туды ў нас па сельскай гаспадарцы сухія малочныя прадукты. Але ведаеце, апошнія пару гадоў па коштавым фактары цяжка было працаваць Таму што кошты ў Расіі былі вельмі добрыя і ў нас ў асноўным на Расію ўсё гэта ішло. А ім танней было набываць у Новай Зеландыі, Аўстраліі, у тых краях”.

Еўрарадыё вырашыла пашукаць в’етнамскіх прадуктаў у крамах сталіцы. Знайсці ўдалося толькі марынаваныя гуркі і памідоры. Прычым па самых нізкіх коштах у краме – ўсяго па 12 тысяч за вялікую банку. Знайшлася і сушаная марская капуста.

В’етнам ды М’янма – не адзіныя экзатычныя краіны, на якія беларускія аграрыі маюць віды.

“Афрыка, напрыклад. У нас былі візіты ў гэтым годзе ў Гамбію, Гану, Зімбабве. Яны зацікаўленыя ўгнаенні ўвозіць. Інданезія, зноў жа. У гэтым годзе мы там пасольства адкрылі”.

Такім чынам, коратка супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Паўднёва-усходняй Азіі і Афрыкі ў галіне сельскай гаспадаркі можна назваць абменам калійных угнаенняў на студэнтаў. Большай выгады Беларусі яны пакуль не прыносяць.