Міністэрствы прапануюць берагчы паліва ў баках і святло ў калідорах

121211_lukashuk_ekanomija.mp3

Праз 20 дзён беларусы пачнуць жыць у Годзе беражлівасці. А кожнае міністэрства і ведамства мусяць прадставіць ураду свае прапановы — дзе і што яны прапаноўваюць “берагчы”.


Прэс-сакратар Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Алена Круталевіч упэўнівае Еўрарадыё, што рыхтавацца да Года беражлівасці яны пачалі яшчэ… два гады таму!


Алена Круталевіч: “Фактычна ўся галіна зараз у фармаце мадэрнізацыі — мы адыходзім ад энергаёмістай вытворчасці, адыходзім ад матэрыялаёмістай вытворчасці, у тым ліку і ў будаўніцтве”.


Але паперу з прапановамі па беражлівасці прадставіць у Саўмін усё адно трэба будзе. І ці ў ёй прапішуць “працяг распачатай мадэрнізацыі”, ці ўсё ж знойдуць нешта новае, што можна будзе зберагчы, — пакуль не вядома. А вось у самім міністэрстве захадаў па беражлівасці няма.


Алена Круталевіч: “Нейкіх дакументаў па міністэрстве, якія прымушаюць адключаць святло, эканоміць электраэнергію ў фанатычным выкананні, няма”.


Скарачаць нікога не збіраюцца, але і прасіць кіраўніка краіны падпісаць чарговы дэкрэт, які б забараняў будаўнікам звальняцца ў “сувязі з мадэрнізацыяй”, не плануюць.


Міністэрства лясной гаспадаркі прапануе берагчы сродкі і электраэнергію. Электрычнасць, распавядае прэс-сакратарка Ружэна Навіцкая, будуць берагчы, замяняючы абсталяванне на лесапілках. А сродкі — дзякуючы кантролю за лесавозамі.


Ружэна Навіцкая: “Гэта выключае зліў паліва і тое, што лесавоз паедзе не па тым маршруце. Атрымліваем эканомію, беражлівасць і больш строгі ўлік”.


Нейкія прапановы будуць і па аптымізацыі працы міністэрскага апарата. Але якія?.. А святло чыноўнікі ўжо эканомяць — у калідорах лямпачкі гараць праз адну!


Што прапануе ураду берагчы Міністэрства гандлю, там пакуль не ведаюць. Як і ў Міністэрстве эканомікі. А што будуць зберагаць ды эканоміць тыя, хто нічога не вырабляе?


“Вы хочаце павесяліцца?! — смяецца ў адказ на пытанне Еўрарадыё наконт прапаноў па беражлівасці ад іх установы прэс-сакратар Мінюста. — Не, ну, напэўна, кожнае міністэрства знойдзе сферу, да якой гэтую тэму можна прыкласці”.


Пытаннем на пытанне адказвае кіраўнік упраўлення электронных СМІ Мінінфармацыі Уладзімір Ядранцаў.


Уладзімір Ядранцаў: “Чаму нельга зэканоміць электраэнергію? Сёння куды ні паглядзіш — паўсюль гараць лямпачкі: і ўдзень, і ўначы, і калі заўгодна! У сістэме Мінінфармацыі шмат прадпрыемстваў паліграфічных. Што, яны не могуць зэканоміць? Могуць”.


Але канкрэтных прапаноў яшчэ няма. Хоць і абяцае, што з 1 студзеня Мінінфармацыі пачне працаваць “у адпаведнасці з распрацаванымі планамі па беражлівасці”.


Паводле слоў кіраўніка прэс-службы Міністэрства замежных спраў Андрэя Савіных, для іх Год беражлівасці — падстава прааналізаваць плённасць сваёй дзейнасці за мяжой.


Андрэй Савіных: “Колькі мы ўкладаем у развіццё нашай замежнай сеткі і што мы ў выніку атрымліваем з тых краін, з якімі ўзаемадзейнічаем? Памылкі ў гэтай працы — змарнаваныя грошы. Беражлівасць для нас — гэта такая праца, каб кожны рубель прыносіў максімальную эфектыўнасць”.


А яшчэ святло ў кабінетах даўно эканомяць з дапамогай энергазберагальных лямпачак!


Міністэрства абароны, распавядае кіраўнік прэс-службы Уладзімір Макараў, будзе рэалізоўваць у Год беражлівасці толькі тыя праграмы, якія “дадуць стратэгічны вынік і адначасова забяспечваюць татальную эканомію сродкаў і сіл”. Што гэта азначае, паабяцаў распавесці пасля Новага года.


А ў Камітэце дзяржаўнага кантролю бачаць свой уклад у беражлівасць у тым, каб больш уважліва сачыць за беражлівасцю іншых. Адказ на пытанне: “А самі?” пераносяць на наступны год.