Мікіта Ліхавід трапіў у карцэр на 10 сутак
Ліхавід пакараны карцэрам за тое, што ў калоніі называе сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць некаторыя працы, якіх ад яго патрабуе адміністрацыя.
Пра гэта "Свабодзе" паведаміла маці палітвязня са спасылкай на ліст, атрыманы з калоніі.
"Больш звестак пра яго не маем. Ведаем, што пакаралі карцэрам на 10 сутак", — паведаміла Алена Ліхавід.
Нагадаем, актывіста руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіда суддзя Наталля Пыкіна з Партызанскага суда Мінска асудзіла на 3,5 гады зняволення за ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня. Мікіта Ліхавід вінаватым сябе не прызнаў і ў апошнім слове заявіў, што будзе змагацца за адмену прысуду.