Маладых спецыялістаў у ВНУ выменьваюць на падтрымку
Бо пры размеркаванні найперш адпраўляюць у кампаніі, якія падпісалі дамову з універсітэтам.
“Мы з імі супрацоўнічаем, заключаем дамовы. Яны ўдзельнічаюць у навучальным працэсе, адкрываюць класы, забяспечваюць тэхнікай”, — расказваюць у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі пра супрацоўніцтва з IT-кампаніямі, у якія размяркоўваюць сваіх выпускнікоў.
Паводле пастановы Савета міністраў “Аб некаторых пытаннях размеркавання…” найперш выпускнікоў адпраўляюць на “базавыя” прадпрыемствы, з якімі ВНУ падпісала дамову.
На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ нават ганарацца, што большасць выпускнікоў адпраўляюць у прыватныя фірмы.
“Гэта індывідуальная праца з прадпрыемствамі па падтрымцы. Але няма такога, што — вам два чалавекі, а вы тое і тое робіце. Яны ўвесь час удзельнічаюць, лекцыі чытаюць. Заканадаўча ніякіх матэрыяльных адносінаў няма”, — тлумачаць Еўрарадыё ў дэканаце Факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
У БДУІР знаходзім сёлетняга выпускніка Мікалая. Размеркаваўся праграмістам у прыватную кампанію, бо… прынёс сваю заяўку.
“Многія студэнты пачынаюць працаваць з трэцяга, чацвёртага курса. Яны проста прыносяць заяўку — і іх размяркоўваюць. На пятым курсе таксама шмат заявак прыходзіць, і гэта не абавязкова "Інтэграл”, — жартуе Мікалай.
На размеркаванне ён патрапіў праз практыку. Працуе ў кампаніі ўжо год.
“Пасля чацвёртага курса ў мяне была практыка. І я шукаў сабе месца сам. Па яе выніках узялі на стажыроўку, потым прапанавалі працу”, — расказвае Мікалай. На заробак не скардзіцца.
У Магілёўскім універсітэце імя Куляшова таксама размяркоўваюць у прыватныя кампаніі. Але толькі калі задавальняюць усе заяўкі з Міністэрства адукацыі.
“Калі запоўненыя месцы, прапанаваныя міністэрствам, гэта на педагагічных спецыяльнасцях, то можам размяркоўваць. А тыя спецыяльнасці, дзе адсутнічае дзяржаўны план, — то ўсё адно, якой формы ўласнасці прадпрыемства. Гэта найперш юрыдычныя, эканамічныя спецыяльнасці”, — расказваюць у гэтай ВНУ.
Пры гэтым прыватныя кампаніі ўніверу нічога не вінныя.
Летась з 22 тысяч выпускнікоў на працу накіравалі толькі 21 тысячу. А даехалі да яе яшчэ менш — 19 тысяч усё ж сталі маладымі спецыялістамі, паведамляе Белстат.
Фота: cuppon.pl