"Малады Фронт" патрабуе спыніць жорсткае стаўленне да Мікіты Ліхавіда

"Малады чалавек ужо чацвёрты раз за 40 дзён змешчаны ў турэмны штрафны ізалятар, умовы якога па міжнародным нормам можна аднесці да катаванняў. Такое абыходжанне з маладым 21-гадовым чалавекам мы лічым антычалавечым і просім звярнуць увагу на кіраўніцтва калёніі, спраўдзіць кампетэнтнасць іх ды іншых супрацоўнікаў гэтай установы",- гаворыцца ў звароце "Маладога Фронту".

"Мы патрабуем спыніць катаванні, аказанне ціску на Мікіту Ліхавіда і выканаць усе нормы для нармальнага ўтрымання чалавека да таго моманту, пакуль ён вымушаны там знаходзіцца",- гавораць маладафронтаўцы ў лісце.

Аўтары звароту просяць ад Мінгарсуда тэрміновага перагляду справы Мікіты Ліхавіда.

"Мы просім ад Вашых структураў, калі не вызвалення незаконна асуджаных палітвязняў, бо разумеем, што гэта не ў Вашай кампетэнцыі, але чалавечага стаўлення да іх і адпаведнай рэакцыі, накіраванай на ўсталяванне справядлівасці", -падагульняюць маладафронтаўцы.

Мікіта быў асуджаны за ўдзел у акцыі 19 снежня супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на 3,5 гады ўзмоцненага рэжыму.