Маладафронтаўцы скардзяцца ў смаленскую пракуратуру на паліцыю
Нагодай стала іх затрыманне 5 сакавіка пасля канцэрта "Ляпіса Трубяцкога" ў Смаленску.
Маладафронтаўцы Міхась Мускі і Раман Васільеў выйшлі з клуба, дзе адбываўся канцэрт, і разгарнулі сцяг “Маладога фронту”. Паліцыянты без тлымачэння прычынаў груба затрымалі юнакоў і завезлі ў пастарунак. Як выявілася, маладафронтаўскую сімволіку ахоўнікі парадку прынялі за фашыстоўскую.
У пастарунку ў хлопцаў перапісалі пашпартныя звесткі, забралі сцяг і адпусцілі. Пратакол затрымання не складалі, адзначае праваабарончы сайт "Вясна".
Дарэчы, на самім канцэрце было шмат нацыянальных сцягоў, і гэта паліцэйскіх не бянтэжыла. Па розных ацэнках, у Смаленск на “Ляпіса Трубяцкога” прыехала больш за 400 беларусаў.