Майкл Скэнлан: Ухвальныя оды і панегірыкі не заменяць праўдзівыя рэпартажы
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі заклікаў беларускіх журналістаў працягваць сумленна рабіць сваю небяспечную справу.
У Сусветны дзень свабоды прэсы амерыканскі дыпламат нагадаў, што свабода слова гарантаваная 19-м артыкулам Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека. Скэнлан адзначае, што ў Беларусі працягвае існаваць супярэчнасць паміж гэтай асноўнай свабодай і дзеяннямі ўладаў.
Майкл Скэнлан: “Шмат каго з вас затрымлівалі, збівалі, канфіскавалі і псавалі ваша абсталяванне ды матэрыялы проста за тое, што вы шчыра і прафесійна імкнуліся расказаць пра падзеі альбо задакументаваць сюжэт. Некаторых з вас арыштоўвалі ці нават прымусілі пакінуць краіну. Але менавіта свабодная прэса забяспечвае каштоўную магчымасць забяспечваць кантроль над урадам і ўладамі. Хвалебныя оды і панегірыкі не заменяць праўдзівыя рэпартажы”.
Дыпламат упэўнены, што грамадства пакутуе ад перашкодаў на шляху свабоднага распаўсюду ідэй. Скэнлан заклікаў журналістаў працягваць рабіць праўдзівыя рэпартажы пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Па яго словах, гэта жыццёва важна для будучыні Беларусі.